Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
ст.), упершыню гэтыя словы сказаў на Нікейскім саборы (325) адзін багаслоў y спрэчцы з філосафам, каб прымусіць яго замоўкнуць. Святая святых. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Ісход, 26,33–34) гэта тэрмін для абазначэння той часткі Іерусалімскага храма, дзе захоўваўся каўчэг з запаведзямі, пасудзіна з маннай, цудадзейнае жазло і куды дазвалялася заходзіць толькі першасвяшчэнніку адзін раз у год. Апрача таго, гэтым тэрмінам называўся ахвярны хлеб, што прыносілі ў Іерусалімскі храм і які маглі з'есці толькі жрацы гэтага храма. На аснове названых канкрэтных значэнняў y выразе развіліся пераносныя, звязаныя з памяшканнем або аб'ектам: 1) недаступнае памяшканне, якое строга ахоўваецца; 2) месца, якое з'яўляецца вельмі дарагім, да якога адносяцца з пашанай; 3) памяшканне, дзе вядуцца адказныя работы, знаходзяцца важныя прыборы і пад.; 4) самае важнае, дарагое, запаветнае. Сувязны перадаў ад таварыша Андрэя просьбу — пранікнуць у святая святых складанай жандарскай махіны… (Б.Мікуліч. Цяжкая гадзіна). Я не хацела б, каб у святое святых — яго кабінеце, рукапісах — капаўся хто-небудзь чужы… (Б. Сачанка. Не на той вуліцы). Давайце наведаемся ў святая святых радыё — студыю гуказапісу (В. Тарас. Сустрэча з сучаснікамі). I ці ёсць у паэта маральнае права маўчаць, калі гаворка ідзе пра святая святых — пра паэзію? (Т. Бондар. Паэзія ці версіфікатарства?). Першы фразеалагічны кампанент, які з'яўляецца былой формай назоўнага скл. мн. л. н. р., y сучаснай мове перастаў ужо быць нескланяльным: святое святых (Я. Колас), святога святых (З. Бядуля, У. Калеснік, Л. Прокша), святую святых (А. Косаў). Святло праліваецца (пралілося) на што. Уласна бел. Што-н. робіцца зразумелым. Для мяне асабіста пралілося святло на вытокі канфлікту ў калгасе імя Суворава (Звязда. 18.07.1987). Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага ліць (праліваць, праліць) святло на што 'растлумачваючы, рабіць зразумелым што-н.'. Святым духам. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае: 1) нічога не еўшы (жыць), 2) нібы само сабой, невядома як (рабіць што-н., робіцца што-н.). Ідзі… Ды скажы, каб падсілкавацца чагонебудзь прыдумалі… Святым духам, ведаеш, нядоўга працягнеш (І.Мележ. Мінскі напрамак). A хто яе [чуму] занёс сюды, хачу я вас запытаць?.. Святым духам? Не, святым духам яна не прыйшла сюды! (М. Лобан. Гарадок Устронь). У лексіка-фразеалагічных кантэкстах тыпу: не духам святым ён жыве (Я. Колас); святым духам не жыве (К. Крапіва); святым духам жыло (Б. Сачанка) і інш. — святым духам па форме
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абектам, зесці, зяўляецца
25 👁
 ◀  / 440  ▶