Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Сэнсаўтваральную ролю ў выразе выконвае кампанент галава, суадносны з такім жа назоўнікам у адным з яго значэнняў — 'кіраўнік, начальнік'. Сам чорт не брат каму. Запазыч. з руск. м. Каму-н. нічога не страшна, нічога не значыць, усё хоць бы што. — Цяпер куды болей разгону, — ажыўляецца Мартын. — Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца… (Я. Колас. Дрыгва). У руск. м. фразеалагізм склаўся пад уплывам франц. le roi п'est pas son cousin (літаральна «кароль яму не брат»). У перыяд сярзднявечча французскі кароль даваў сваім прыбліжаным тытул кузена (стрыечнага брата); тыя ж, хто не меў такога тытула, былі больш незалежнымі ад караля. Са шчытом. Агульны для ўсходнесл. і польск. (z tarczą) м. 3 перамогай, пераможцам (з'явіцца, вярнуцца і пад.). — Ну як: са шчытом ці на шчыце? — прыжмураным вокам сустрэў Марыну Паўлаўну высокі мужчына (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі) Этымалагічная аснова выразу тая самая, што і ў фразеалагізма на шчыце (гл.). Сваімі словамі гаварыць, расказваць, адказваць і пад. Агульны для ўсходнесл. і польск. (własnymi (swoimi) słowami) м. Не літаральна, не даслоўна, a перадаючы галоўны сэнс. — Матка боска! — зноў спыняе яго [вучня] панна Рузя, — Ну сабраў, ну прайшоў ну, разбіў… Конь ты божы! Ды гавары ты нарэшце сваімі словамі! (Я. Брыль. Сірочы хлеб). Узнік, хутчэй за ўсё, y маўленні настаўнікаў. Параўн. аналагічнае меркаванне: «Атрымліваецца часам, што мы гаворым не пра тое, што знаем лепш за ўсіх, што нам больш за ўсё баліць, і ў той жа час гаворым не сваімі, як кажуць школьныя настаўнікі, словамі» (В. Бечык, А. Вярцінскі). Свая вош укусіць каго. Уласна бел. Каму-н. прыйдзецца сутыкнуцца з жыццёвымі клопатамі, адчуць жыццёвыя цяжкасці непасрэдна самому, без чыёйсьці апекі. Табе за бацькавай спінай добра «спасацца», a пачакай толькі, хай свая вош укусіць (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). Паходзіць з прыказкі (падаецца ў зборніку І.Насовіча) Тады чалавек памысліць мусіць, як свая вош укусіць. Або: Кожны перастаць тады мусіць, як свая вош укусіць (пра выпраўленне паводзін маладога чалавека). Фразеалагізм набыў здольнасць свабодна ўключацца ў кантэкст і рэалізаваць часавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «А цябе яшчэ як мае быць не ўкусіла свая вош, ты яшчэ жывеш кнігамі…» (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зявіцца, пest
38 👁
 ◀  / 440  ▶