беларусаў» (1895) піша: «Калі прадаеш каня ці карову, наогул што-небудзь жывое, і жадаеш, каб „пайшло рукой“, то не трэба перадаваць іх новаму гаспадару голымі рукамі: не будзе пладзіцца. У такім разе „б'юць па руках“ і перадаюць купленае „касматай рукой“, г. зн. захінуўшы руку крысом адзення». Параўн. прыказку, у якой ускосна выказаны негатыўныя адносіны да названага павер'я: Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою.
Рылыца ў пушку ў каго. Запазыч. з руск. м. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага. Думалася, што ў мясістага дырэктара рыльца ў пушку, дык ён і паддобрываецца, як можа (Р. Сабаленка. Дырэктарава бакоўка).
Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы. Першы раз — з прамым значэннем слоў. Лісіца была «суддзёй над курамі», яе асудзілі за хабар на высылку, і яна скардзіцца Сурку (пераклад К. Крапівы):
«Мне хабар браць?
Ці ж я, кумок, рашуся?
Ці ж ты б сказаў, я на цябе спашлюся,
Што вінавата я у гэтым хоць крыху?
І ў галаву табе не прыйдзе гэта думка!» —
«Ох, часцяком я бачыў, кумка,
Што рыльца у цябе ў пуху».
У маралі байкі аўтар зноў вяртаецца да гэтага выразу, ужываючы яго пераносна ў дачыненні да тых, хто «паціху ды патрошку то дом збудуе, то купіць сабе вёску».
Хаця ў судзе і не дакажаш,
Ды як жа не сагрэшыш і не скажаш,
Што рыльца у яго ў пушку.
Рыхтык у рыхтык падобны. Уласна бел. Вельмі моцна, абсалютна. Адразу ж ззаяе плячэй выйшлі два сыны, абодва трактарысты і падобныя, як кажуць, рыхтык у рыхтык адзін да аднаго (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).
Выраз пэўным чынам сэнсава таўталагічны з прыметнікам падобны, бо, як пазначана ў ТСБМ (т. 4, с. 741), рыхтык у сваім 2-м значэнні — гэта «выліты, падобны на каго-н.'». Магчыма, склаўся пад уплывам і на ўзор сінанімічнага з ім фразеалагізма кропкаў кропку (кропля ў кроплю).
Рыцар без страху і дакору. Калька з франц. м. (le chevalier sans peur et sans reproche). Смелы, велікадушны чалавек. Дастойны, скажу вам, быў служка… Такімі людзьмі род багацее… Але… прапаў, як рыцар без страху і дакору (В. Быкаў. Кар'ер).
Спачатку ў Францыі гэтым выразам называлі канкрэтных гістарычных асоб: мужнага рыцара П'ера дзю Тэрайля Баярда(1476–1524) і яго сучасніка, выдатнага палкаводца Луі
150 👁