Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
той прачыталі, валасы на сабе рвалі ўсе палатныя чыны (В. Дунін-Марцінкевіч. Халімон на каранацыі). Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану. Рваць (разрываць) на кавалкі каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. рвать на части, укр. рвати на шматки). Бесперапынна турбаваць просьбамі, даручэннямі і пад. 3 усіх бакоў яго [Крушынскага] рвуць на кавалкі. — Таварыш Крушынскі! — Дзядзька Язэп! — Суседзе! (З. Бядуля. Язэп Крушынскі). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале. Рожкі ды ножкі. Запазыч. з руск. м. Сваё значэнне 'нічога ці амаль нічога' фразеалагізм рэалізуе пры дзеясловах пакідаць, заставацца: Хай як хоча, так і выкручваецца Эдзік. Усё роўна рожкі ды ножкі астануцца ад сцэнарыя… (П.Місько. Ціхае лета). Узнік у выніку метафарызацыі спалучэння слоў з песні невядомага аўтара «Жыў-быў y бабулі шэранькі козлік» (каля 1850 г.). Павяла бабуля козліка ў лес пагуляць, напалі на яго ваўкі і з'елі. «Пакінулі бабулі рожкі ды ножкі, вось як, вось як, рожкі ды ножкі». Розная рознасць. Паўкалька з руск. м. (разная разность). Самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Апісаць не хопіць слоў, што за Сару той Абрам рознай рознасці набраў (К. Крапіва. Біблія). Відаць, склаўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма ўсякая ўсячына (гл.). Рубікон перайсці. Паўкалька з лац. м. (Rubiconem transeo). Зрабіць сур'ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі. Вельмі вялікая трансфармацыя адбылася ў ягонай душы… Ён перайшоў рубікон (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі). Выраз — пераасэнсаванае словазлучэнне. Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам. Рубікон пяройдзены. Агульны для ўсходнесл. м. Адказны, рашучы крок зроблены, прынята беспаваротнае рашэнне. — Гэта больш надзейна, — сказаў Зімін, — а то яшчэ перадумаеш [звальняцца]. I так, рубікон пяройдзены, назад ходу няма (В. Хомчанка. Стрэл у акно). Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага перайсці
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зелі, сурёзны
28 👁
 ◀  / 440  ▶