Рабіць (зрабіць) пагоду ‹у чым, дзе›. Недакладная калька з франц. м. (faire la pluie et le beau temps, літаральна «рабіць дождж і добрую пагоду»). Мець рашаючае значэнне, выконваць самую істотную ролю ў чым-н. Апранаючыся ісці дадому, Ігнатовіч падумаў: «Пагоду ў класе робяць хлопчыкі» (Я. Ермаловіч. Зазімак).
Узнікненне фразеалагізма звязана з дзейнасцю астролагаў, якіх трымалі пры французскім каралеўскім двары, бо яны нібыта маглі не толькі прадказваць пагоду, але і ўплываць на яе.
Радзімая пляма чаго. Недакладная калька з ням. м. (Muttermal, літаральна «матчына пляма»). Недахоп, які з'яўляецца перажыткам чаго-н. Абарчук бачыў ліслівасць, вераломства, пакору; жорсткасць. Ён называў гэтыя рысы радзімымі плямамі капіталізму (Звязда. 19.12.1987).
Выраз з «Крытыкі Гоцкай праграмы» (1891) К. Маркса, які, гаворачы пра сацыялізм, сцвярджае, што ён «захоўвае яшчэ радзімыя плямы старога грамадства, з нетраў якога ён выйшаў».
Рад не рад. Агульны для ўсходнесл. м. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н. І выходзіць — рад не рад — папраўляйся, Якаў, брат! (К. Крапіва. Біблія).
Відаць, утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам воляй-няволяй, які з'яўляецца калькай з лац. м. (volens nolens).
Радыё АБС. Агульны для ўсходнесл. м. Пагалоска, няпэўныя пачутыя звесткі. Аўтар звальвае з хворай галавы на здаровую. Часам крыніца сцвярджэнняў для яго — радыё АБС (адна баба сказала) (Каша слова. 27.10.2000).
Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны «на ўнутраным кантрасце, этымалагічнай неадпаведнасці» (В.У.Вінаградаў). Узнік па аналогіі, напрыклад, з такім спалучэннем, як радыё Бі-Бі-Сі.
Разарвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).
Разбіраць па костачках каго. Гл. перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго.
Разбітае карыта. Агульны для ўсходнесл. м. Няспраўджаныя надзеі ў сувязі са стратай ранейшага набытку. [Кусонскі:] Урад даўно трэба было б сфарміраваць толькі з ваенных. Каб так зрабілі ў свой час — мы сёння не бедавалі б над разбітым карытам (К. Губарэвіч. Галоўная стаўка).
Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад прыслоўнага выразу ля разбітага карыта (гл.) 'без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак (заставацца, апынуцца, сядзець)', які з'яўляецца паўкалькай з руск. м. (у разбитого корыта) і сваім паходжаннем звязаны з «Казкай пра рыбака і рыбку» А. С. Пушкіна.
151 👁