Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Р Раб божы. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі 'мужчына як істота, падуладная Богу' і 'чалавек наогул'. Памянём раба божага Піліпа… Каб яму на тым свеце лёгка было… (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Трусіць бародкай казлінай, выпіўшы, раб божы — дзяк (М. Смагаровіч. Пачастунак). Узнік на аснове рэлігійнага ўяўлення аб поўнай залежнасці чалавека ад Бога. Рабіць з мухі слана. Гл. з мухі зрабіць слана. Рабіць (зрабіць) вялікія вочы. Калька з ням. м. (große Augen machen). Выражаць крайняе здзіўленне, недаўменне. Каля чарговай вёскі выскачыў на бераг хлапчук, стаў як укапаны, зрабіў вялікія вочы, потым закрычаў, замахаў рукамі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам. Рабіць (зрабіць) добрую міну пры дрэннай гульні. Паўкалька з франц. м. (faire bonne mine à mauvais jeu). Старацца схаваць за знешнім спакоем ці весялосцю сваё незадавальненне, непрыемнасці. Гітлераўцы, як відаць было з нямецкіх газет, што траплялі ў нашы рукі, усё яшчэ рабілі добрую міну пры дрэннай гульні (Я.Міско. Было яно калісьці). Узнік y асяроддзі карцёжнікаў. Першапачаткова выразам характарызавалі паводзіны гульца, які, маючы на руках дрэнныя карты, стараўся быць вясёлым, каб не выдаць сябе. Рабіць (зрабіць) з белага чорнае (белае чорным). Калька з лац. м. (candida de nigris vertere). Падаваць што-н. y іншым выглядзе, беспадстаўна перайначваць. Чаго толькі не зложаць? 3 белага могуць зрабіць чорнае (С. Баранавых. Межы). Фразеалагізм успрымаецца як матываваны. Рабіць (зрабіць) з камара каня. Уласна бел. Беспадстаўна перабольшваць што-н., надаваць чаму-н. нязначнаму вялікае значэнне. Іхто цягнуў мяне за язык? A цяпер людзі з камара зрабілі каня, a бацькам перажывай за «вучанага», але неразумнага сына (В. Шырко. O, sancta simplicitas). Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма рабіць (зрабіць) з мухі слана (гл.), прычым склаўся не пад пяром якога-небудзь аўтара, a непасрэдна ў жывой народнай мове. Яго занатаваў М. Федароўскі: з камара зрабілі каня
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
19 👁
 ◀  / 440  ▶