Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Захаравіча (Полымя. 1983. № 3). У фразеалагізме развілося і другое значэнне — 'чалавек, які вызначае чыё-н. жыццё, дзейнасць': У жыцці ты будзь мне зоркай пуцяводнай (Я. Журба. Маё жаданне). Склаўся на аснове евангельскай легенды. Паводле аднаго з хрысціянскіх міфаў, вешчуны, убачыўшы на небе зорку, якая была знакам таго, што нарадзіўся Ісус, пайшлі шукаць яго. «I зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, нарэшце прыйшла і спынілася над месцам, дзе было дзіця». Пушку(-і) заліваць каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, пускаць пагалоскі. Згубы-ы захацелі… Нішчыце народ… A нам пушку заліваеце-э… (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Утварыўся, відаць, y выніку кантамінацыі рускага выразу лить пушку і дзеяслова заліваць y значэнні 'хлусіць, ілгаць'. Гісторыя выразу ліць пушку такая ж, як і ў фразеалагізма заліваць кулі (гл.). Іншая магчымая трактоўка: выраз, як мяркуе В. М. Макіенка, мог утварыцца шляхам нарашчэння слова пушка да дзеяслова заліваць (ліць) ілгаць' пры адначасовай рэалізацыі і значэння 'рабіць што-н. з расплаўленага рэчыва'. Пыл пускаецца ў вочы каму. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Робіцца падман каго-н. з мэтай стварыць пэўнае ўражанне. Выбаршчыкі ўспомнілі і тое, як пускаўся пыл у вочы, як цягалі прадукты з крамы ў краму па шляху высокага начальства ў час наведвання горада і вобласці Лігачовым… (С. Законнікаў. Выбары па-віцебску…). Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага пыл пускаць у вочы (гл.). Пыл пускаць у вочы. Агульны для бел. і руск. (пыль пускать в глаза) м. Дурыць, марочыць каго-н., выхваляючыся сабой. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена (І.Навуменка. Ноч y літоўскім гарадку). Блізкія па вобразнасці фразеалагізмы ёсць y іншых мовах; напрыклад, y балг. — хвьрлям прах в очите (кідаць пыл у вочы), y серб. — харв. — бацати прашину у очи (кідаць пыл у вочы), y польск. — rzucać piaskiem w oczy), y чэшск. — sypat pisek do oci, y ням. — Sand in die Augen streuen (сыпаць пясок у вочы). Магчыма, усе яны выходзяць з адной крыніцы — з латыні, дзе pulverem ob oculos adspergete — 'пыл у вочы сыпаць'. Адносна ўзнікнення гэтага выразу ёсць шмат гіпотэз. Найбольш прымальная з іх, відаць, тая, якая вытлумачвае сувязь паміж сучасным значэннем фразеалагізма і першапачатковым. Яго паходжанне звязваецца з народным павер'ем пра ведзьмакоў і ведзьмаў, якія часам нібыта
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

паверем
40 👁
 ◀  / 440  ▶