Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
парэміялагічных зборніках XIX ст. падаюцца і такія варыянты прыказкі: Прыйдзе коза да воза прасіць сена; Прыйдзе коза да воза прасіць аброку, дастане кіем па боку; Прыйдзе каза да ваза, папросіць сена, a мы ёй пугі дамо. Прыйсці ў сябе. Гл. прыходзіць у сябе. Прыкладваць (прыкласці, прылажыць) руку. Агульны для амаль усіх славянскіх м. (руск. приложить руку, укр. приложити руку, польск. przylożyć rękę і г.д.). Ужыв. са значэннямі: 1) (да чаго) падпісваць які-н. дакумент, паперу, 2) (да каго) біць каго-н., 3) (да чаго) мець дачыненне да чаго-н. заганнага, удзельнічаць у чым-н. нядобрым. Нярэдка да іх пасланняў прыкладваў руку і Генка. Тады на аркушах, спісаных няроўным почыркам дырэктара дзіцячага дома, паяўляліся рознакаляровыя кружочкі, квадрацікі… (Настаўн. газ. 21.03.2002). Загадчыца магазіна… не толькі парушае правілы савецкага гандлю, але і прыкладвае руку да пакупнікоў Прасцей кажучы, б'е (Вожык. 1977. № 10). — Тут скаргі калгаснікаў. Праўда, без подпісаў. Прызнайся, ты прыклаў руку? — Ёсць і мая работа (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). Выраз у яго першым, зыходным значэнні склаўся ў старажытнай афіцыйна-справавой мове. Непісьменныя людзі замест подпісаў прыкладалі да падання ці іншага дакумента палец або руку, змазаную фарбай, пакідалі на паперы адбітак. I гэта лічылася подпісам. Два іншыя значэнні развіліся ў фразеалагізме ў выніку паўторнай метафарызацыі таго самага свабоднага словазлучэння. Заставацца пры пікавых інтарэсах (пры пікавым інтарэсе). Агульны для ўсходнесл. м. Без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто-н., чаго дабіваўся. Пры пікавых інтарэсах народ застаўся. Куды ні зірні—усё пачынай спачатку, a тут табе ані хамута, ані шыі… (М. Ракітны. Этапы). Першааснова фразеалагізма — картачная варажба, пры якой пікі (картачная масць) сімвалізуюць нядобрае. Заставацца пры сваіх інтарэсах (пры сваім інтарэсе). Агульны для ўсходнесл. м. У тым жа становішчы, з тым, што мелася. Пакуль яго [сена] нe забралі, трэба ў хлеў укінуць. Спакойней будзе. A то, пабачыце, застанемся пры сваім інтарэсе (А. Асіпенка. Непрыкаяны маладзік). Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца пры картачнай варажбе, a таксама пры гульні ў карты. Прытуліць галаву дзе, да каго. Гл. галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго. Прытча ва языцах. Запазыч. з царк. — слав. м. Прадмет усеагульных размоў, абгавораў, кпінаў і пад. Усё Азярное ведае
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
31 👁
 ◀  / 440  ▶