Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Адным словам, Адэлька мусіла праглынуць пілюльку, яшчэ адну (І.Шамякін. Снежныя зімы). Узнік са свабоднага словазлучэння, на аснове яго канкрэтнага значэння склалася метафарычнае. Праглынуць язык. Калька з франц. м. (avaler sa langue). Перастаць гаварыць, замоўкнуць. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная весялосць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж (В. Быкаў. Воўчая зграя). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Празандзіраваць глебу. Гл. зандзіраваць (празандзіраваць) глебу. Праз (скрозь) зубы. Калька з франц. м. (entre ses dents). Ужыв. ca значэннямі 'невыразна, неразборліва або ледзь чутна (гаварыць, мармытаць і пад.)' і 'з пагардай, незадавальненнем (гаварыць, цадзіць і пад.)'. Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся (Я. Брыль. Сірочы хлеб). Андрэй прабурчэў скрозь зубы: — Багатыр (М. Зарэцкі. Вязьмо). Выраз усведамляецца як матываваны. Прайсці агонь і ваду. Калька з англ. м. (go through flre and water). Зведаць, перанесці шмат чаго ў жыцці. Але дзіва дзіўнае: гэты Віткоўскі прайшоў усе агні і воды і ўцалеў! (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя). Першапачатковая вобразнасць фразеалагізма ўсведамляецца як 'быць у агні і не згарэць, быць у вадзе і не патануць'. Ва ўсходнесл. мовах выраз ўжываецца і з дадаткам медныя трубы — вобразам, вядомым яшчэ ў Старажытнай Грэцыі як сімвал урачыстасці з аркестрам. Параўн.: «Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы. Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне» (І.Шамякін). Пракаціць на вараных каго. Агульны для ўсходнесл. м. Забалаціраваць, праваліць на выбарах. Людзі яму не даруюць гэтага. Думаецца, што на справаздачным сходзе пракоцяць яго на вараных (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае). Прыведзены ўрывак-ілюстрацыя семантычна нічога б не страціў, калі б замест выразу пракоцяць на вараных застаўся толькі дзеяслоў пракоцяць; адно са значэнняў гэтага дзеяслова такое ж, як і значэнне фразеалагізма: «Мяне пракацілі… Не выбралі… Вось што здарылася…» (І.Шамякін); «Цябе могуць пракаціць» (А. Асіпенка). Такім чынам, фразеалагізм узнік на аснове слова пракаціць y выніку накладання на значэнне забалаціраваць' яшчэ аднаго значэння гэтага дзеяслова — правезці' і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам на вараных. A
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
24 👁
 ◀  / 440  ▶