Выдзелены ў папярэднім прыкладзе фразеалагізм абазначае 'гаварыць нудна, аднастайна і бесталкова пра адно і тое ж' і з'яўляецца выразам з жывой унутранай формай2. Матыў узнікнення гэтага фразеалагізма, як і многіх іншых, зразумелы і без этымалагічнага растлумачэння, хоць, па сутнасці, як слушна лічыць А. І. Малаткоў, «кожны фразеалагізм мае патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, у гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення і свайго мінулага».
У дзвюх частках майго «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (Мн.: Нар. асвета, 1981; Ч.2, 1993) атрымалі гістарычна-этымалагічную даведку больш за 1300 фразеалагізмаў4. Пошукі этымалогій працягваліся. Цяпер у даведніку, што прапаноўваецца ўвазе чытача, аб'яднаны ранейшыя і новыя этымалогіі, раскрываецца паходжанне каля 1750 фразеалагізмаў сучаснай беларускай мовы. Вельмі многія слоўнікавыя артыкулы, асабліва ў выданні 1981 г., папраўлены, дапоўнены ці скарочаны.
Слоўнікавы артыкул гэтага даведніка ўключае: а) загаловачную частку; б) агульную характарыстыку фразеалагізма паводле паходжання; в) тлумачэнне сэнсу фразеалагізма; г) ілюстрацыйны матэрыял; д) этымалагічную даведку. У асобных, рэдкіх выпадках паслядоўнасць частак слоўнікавага артыкула не захоўваецца: гэтага вымагае спецыфіка этымалогіі фразеалагізма, паказ на сувязь паміж зыходным і сучасным яго значэннем, на развіццё фразеалагічнага значэння і г.д.
Загаловачная частка.
Фразеалагізм прыводзіцца ў сваім мінімальным саставе і найбольш тыповай форме. Калі фразеалагізм мае не свабодны, а фіксаваны парадак кампанентаў або найчасцей ужываецца не з прамым, а з адваротным парадкам кампанентаў, то гэта адлюстроўваецца ў загалоўку: вадой не разальеш каго, жыўцом з'есці каго, на ваду брахаць. Месца націску ў кампанентах загаловачнага фразеалагізма абазначаецца толькі ў асобных выпадках, калі неабходна папярэдзіць розначытанне: áрэдавы вякі, выкручваць сырыцу з каго, на грэчаскія калéнды, на кругі свая, спусціўшы рукавы. Фанетычныя, акцэнтна-фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і лексічныя варыянты фразеалагізма ўключаюцца ў загаловак і даюцца ў круглых дужках:
Іерыхонская (ерыхонская) труба.
Злавіць двух зайцаў (зайцоў).
__________________________
2 Унутранай формай называюць вобраз, які ляжыць у аснове фразеалагізма, ці, паводле В. У. Вінаградава, вобразнае ўяўленне, якое спадарожнічае значэнню фразеалагічнай адзінкі.
3 Молотков А. Н. Основы фразеологии русского языка. Л., 1977.
4 Дарэчы, тыраж выданняў, нават па ранейшых мерках, даволі значны: 1-я частка — 37 000, 2-я — 15 000 экз
89 👁