Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
ПРАДМОВА У беларускай мове, як і ў іншых мовах, будаўнічым матэрыялам, «цаглінкамі» для сказаў служаць не толькі словы, але і фразеалагізмы — устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў фразеалагічных кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў). Гэта, напрыклад, такія кароткія, але змястоўныя і трапныя выразы, як ад яйка адліць, аршын з шапкаю, выйсці сухім з вады, гады ў рады, дзірка ад абаранка, за дзедам шведам, малоць не падсяваючы, сабакам сена касіць, следам за дзедам, смаловы дуб, як босаму разуцца. Іх у нашай літаратурнай мове больш за шэсць тысяч. Пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі, самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. Каб залацінка гэта свяцілася ў пісьмовым тэксце, у вусным маўленні, яе трэба выкарыстоўваць умела і дарэчы. Свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы. У досыць многіх з іх, як пісаў Б. А. Ларын, «усе словы вядомыя, а сэнс цэлага застаецца няясным»1. Так, частаўжывальны, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, фразеалагізм пятая калона (калька з іспанскай мовы) абазначае 'варожая агентура ўнутры краіны'. А каб зразумець, пры чым тут калона і чаму пятая, трэба ведаць этымалогію гэтага выразу. А бывае так, што сэнс фразеалагізма, напрыклад, шуры-муры ('любоўныя справы, прыгоды'), прывычны, знаёмы, вядомы, а яго састаўныя часткі, неўжывальныя па-за фразеалагізмам, — незразумелыя, таямнічыя. А між тым гэты выраз склаўся ў выніку некаторага скажэння французскага свабоднага словазлучэння cher amour (чытаецца як «шэр амур»), дзе cher — 'дарагі, мілы', а amour— 'любоў, каханне' і 'страсць, жарсць'. Даволі многія фразеалагізмы могуць быць супрацьпастаўлены адпаведным свабодным, пераменным словазлучэнням, на аснове якіх яны ўзніклі і на фоне якіх ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары. Супаставім, напрыклад: «Каровы стаяць сярод вуліцы, выцягнуўшы ўперад галовы, і сонна жуюць жвачку» (К. Цвірка) і «Ты мне жвачку не жуй, гавары канкрэтна» (А. Кудравец). 1 Ларин Б. А. История русского языка и общее языкознание. М., 1977. С
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
122 👁
 ◀  / 440  ▶