Плысці за вадой. Уласна бел. Пасіўнічаць, прыстасоўваючыся да абставін. Магдаліна заўпарцілася. Хопіць плысці за вадой. І заявіла, што здасць усе іспыты (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара). Магчыма, склаўся пад уплывам сінанімічнага фразеалагізма плысці па цячэнні — калькі з ням. ці франц. м. (гл.). Плысці (плыць) па цячэнні. Калька з ням. (mit den Strom schwimmen) ці франц. (se laisser aller au courant) м. Дзейнічаць пасіўна, вяла, прыстасоўваючыся да абставін, не выказваючы супраціўлення. [Ясевіч] прывык, відаць, абыходзіць вострыя вуглы. I цяпер вось ён не рашаецца пераадолець у сабе гэтай прывычкі, плыве па цячэнні (А. Дзятлаў. Начное неба ў ліпені). Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, пры пераасэнсаванні якога актуалізацыю атрымала патэнцыяльная сема 'плысці без асаблівых намаганняў'. Плысці (плыць) супраць цячэння. Калька з ням. м. (gegen den Strom schwimmen). Дзейнічаць наперакор усяму. «Сярод нас, — гаварыў прадстаўнік Мадагаскара, — існуе група краін, якія плывуць супраць цячэння…» (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку). Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Плячом к плячу (да пляча). Калька з ням. (Schulter an Schulter) або ангп. (shoulder to shoulder) м. Ужыв. са значэннямі: 1) зусім побач, y непасрэднай блізкасці, адзін каля аднаго (ісці, ехаць, стаяць, сядзець і пад.), 2) разам, вельмі дружна, y цесным адзінстве (жыць, працаваць, змагацца і пад.). І мы не забудзем ніколі, суседзі мае, землякі, як роднаму ў хаце пісалі, сядзелі — плячо да пляча (А. Бялевіч. Высокі поўдзень). Нам дружыць патрэбна між сабою і стаяць за мір — плячом к плячу, — сустракаць вас не на полі бою, a на фестывалях я хачу (М. Смагаровіч. Маё выступленне). 1-е значэнне ўзнікла шляхам сінекдахічнага пераносу: па назве часткі называецца цэлае. 2-е ж значэнне развілося на аснове 1-га метафарычным шляхам. Плячысты на жывот. Уласна бел. Прагны да яды, пражэрлівы, любіць многа есці. Шмыг узяў дзве смятаны, два гуляшы, два куфлі піва, разлічыўся каля касы. — Плячысты на жывот, — жартам, мусіць сказаў начальнік цэха Мамалыга. — A рабіць не хоча (В. Мыслівец. Гарачая сталь). Выраз каламбурнага характару. Утвораны на ўзор шматлікіх фразеалагізмаў тыпу востры на язык, лёгкі на ногі. Упершыню ў літаратурнай мове выкарыстаны ў вершы К. Крапівы «Фрыцавы трафеі» (1941): «Сала, масла, цукар, мёд гітлераўца вабяць: фрыц плячысты на жывот і мастак паграбіць
36 👁