атрымаць дазвол, каб пабачыцца з арыштаваным! Пакуль дазволяць — перабяруць усе твае костачкі: хто ты, які ты, чаму ты, а не другі? (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца). Гэты выраз сінанімічны ўсходнесл. фразеалагізму перамываць костачкі і аднолькавы з ім паходжаннем. Абодва ўзніклі ў выніку пераасэнсавання адпаведных свабодных словазлучэнняў, звязаных з абрадам паўторнага пахавання. Перабіраючы і перамываючы костачкі нябожчыка, трэба было, як даўней лічылі, вызваліць грэшніка ад закляцця, калі ён не паспеў перад смерцю раскаяцца, бо такі грэшнік-нябожчык нібыта выходзіў у выглядзе вампіра ці пярэваратня з магілы і смактаў кроў з жывых (гл. костачкі перамываць). Пераблытаць <усе> карты каму, чые, каго. Гл. блытаць (збблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго. Перабягаць дарогу каму. Гл. дарогу перабягаць каму. Перавод на рэйкі чаго, якія. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. перевод на рельсы, укр. перевод на рейки). Перабудова чаго-н. пэўным чынам. Устойлівага прагрэсу ў якасным развіцці эканомікі няма. Мы мала рушылі наперад па шляху яе пераводу на рэйкі інтэнсіфікацыі (Звязда. 7.08.1986). Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пераводзіць на рэйкі чаго, якія 'арганізоўваць, перабудоўваць што-н. пэўным чынам'. Перад разбітым карытам апынуцца, аказацца. Паўкалька з руск. м. (у разбитого корыта). Без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак. Усе спадзяванні яго [Боўціка] праваліліся ў адзін дзень, і ён апынуўся перад разбітым карытам (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Фразеалагізаваны крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна. Спалучэнне выкарыстоўваецца ў казцы спачатку з прамым значэннем, калі расказваецца, як залатая рыбка выканала першае жаданне прагнай старой: замяніла ёй разбітае карыта на новае. У канцы казкі словазлучэнне адначасова набывае і вобразны, пераносны сэнс: багацце знікла, старая засталася з разбітым карытам. Перакаваць мячы на аралы. Запазыч. з царк. — слав. м. Раззброіцца, выкарыстаць усе сродкі на мірныя мэты. Мы заклікалі і заклікаем перакаваць мячы на аралы, знішчыць зброю. І мы гатовы гэта зрабіць, калі сустрэнем шчырае разуменне і згоду іншых краін (Звязда. 29.07.1976). Выраз з біблейскай кнігі Ісаія (2, 4), які прарочыў, што прыйдзе час, калі народы «перакуюць мячы свае на аралы і коп'і свае на сярпы». Аралы (вытворнае слова ад агульнаслав. араць) — гэта 'плугі
164 👁