Ведаць, знаць, пазнаць, пачым фунт ліха. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. почем фунт лиха, укр. почому ківш (пуд, фунт) лиха). (Ведаць) якія бываюць цяжкасці, выпрабаванні ў жыцці. Сама Аўдоля хапіла гора нямала, ведае, пачым фунт ліха (К. Крапіва. Мядзведзічы). Два кампаненты выразу выконваюць сэнсаўтваральную функцыю: пачым суадносіцца са значэннем 'колькі каштуе, па якой цане', a ліха — са значэннем 'няшчасце, бяда, гора'. Фунт— устарэлая мера вагі, роўная 409,5 г, але тут, як і ў фразеалагізме нe фунт ізюму, гэта не рэальная, a сімвалічная мера бяды, гора, цяжкасцей і пад. Аднак зразумела, што сума значэнняў названых кампанентаў не тоесная з агульным значэннем фразеалагізма. Па шчупаковым загадзе. Гл. нібы па шчупаковым загадзе. Пень асінавы. Агульны для ўсходнесл. м. Тупіца, бесталковы чалавек. Пень ты асінавы, a не старшыня. Па камандзе, як які яфрэйтар, думаеш весці гаспадарку? (Я. Ермаловіч. Стаяў маладзік над лесам). Выраз каламбурнага характару, узнік y выніку разгортвання слова ў фразеалагізм. Тут слову пень, рэалізаванаму ў пераносным значэнні тупіца', адначасова вяртаецца і канкрэтнае, прамое значэнне, дзякуючы нарошчванню прыметнікавага кампанента асінавы. Перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго. Агульны для ўсходнесл. м. Асуджаць чые-н. недахопы, абмяркоўваць каго-н. A потым мы, жанчыны, перабяром вас па костачках, усё перагаворым, усё зложым у адно — поўны партрэт-характарыстыка (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя). Вытворны ад фразеалагізма перамываць костачкі каму, каго, чые (гл.), узнікненне якога звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзілася без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г зн. без абгаворвання. Перабіраць усе костачкі чые, каму, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае: 1) абгаворваць каго-н., распаўсюджваць плёткі, 2) дэталёва, падрабязна абмяркоўваць, вывучаць каго-н. І дзяўчаты аж заходзіліся ад смеху, перабіраючы костачкі хлопцаў (Я. Колас. Нёманаў дар). Ні Клава, ні Фіма не ведалі, як цяжка
42 👁