якойсьці прычыны. Я не адношу сябе да ліку крытыкаў, якія сцвярджаюць, што наша літаратура не зрабіла нічога або, прынамсі, вельмі мала зрабіла для мастацкага асваення тэмы сучаснасці, горада, навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Не варта фетышызаваць паняцці і, як кажуць, пасыпаць галаву попелам (І.Навуменка. Героя працы — у поўны рост).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з царкоўнаславянскіх кніг. Як расказваецца ў Бібліі (Іоў, 2, 12), у старажытных яўрэяў быў звычай выказваць пачуццё гора, роспачы не толькі плачам, але і пасыпаннем галавы попелам. Такі звычай, апісаны ў «Іліядзе» Гамера, быў і ў старажытных грэкаў. Ён сімвалізаваў і агульную для ўсіх жалобу.
Патачыць лясы. Гл. тачыць (патачыць) лясы (балясы).
Патрапіць у <самы> яблычак. Гл. пацэліць (патрапіць, трапіць) у <самы> яблычак.
Паўтарэнне пройдзенага. Уласнабел. Вяртанне да таго, што ўжо чулася, бачылася, адбывалася і г.д. Гэта яшчэ адзін крок да стварэння гарантый, якія пазбавяць нас ад «паўтарэння пройдзенага» (Маладосць. 2000. № 6).
Паходзіць з маўлення настаўнікаў, у практыцы якіх адзін з этапаў урока — паўтарэнне пройдзенага (таго, што ўжо вывучалася, выкладалася).
Пахне смаленым. Недакладная калька з франц. м. (ca sent le roussi, літаральна «чуецца пах гарэлага»). Паказвае на магчымасць небяспекі, пагражае непрыемнасцю каму-н. Гэту справу нельга дапускаць да райкома. Я спецыльна прыехаў, каб патушыць, а ты… Цяпер ад нас абодвух пахне смаленым, а ты не разумееш (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).
Мяркуюць, што ўзнікненне выразу звязана са звычаем спальваць ерэтыкоў і «ведзьмаў» на вогнішчах інквізіцыі. Гл. паляванне на ведзьмаў.
Пацёмкінскія вёскі. Паукалька з руск. м. (потемкинские деревни). Ашуканства, паказуха, за якой хаваедца дрэнны стан чаго-н. [Галавач: ] Мяне за гэты комплекс Матусевіч, ведаеш, колькі агітаваў? Выстаяў. Яму мода, пацёмкінская вёска патрэбна, каб дэлегацыі вазіць. А мужыку жыццё патрэбна (М. Матукоўскі. Наследны прынц).
Узнікненне выразу звязана з імем фаварыта і найбліжэйшага памочніка імператрыцы Кацярыны II — князя Г. А. Пацёмкіна, па ініцыятыве якога ў 1783 г. да Расіі быў далучаны Крым. У часе падарожжа Кацярыны II на поўдзень (1787) Пацёмкін, каб пераканаць царыцу і іншаземных гасцей у росквіце новых расійскіх тэрыторый і ў поспехах сваёй дзейнасці, выстаўляў на шляху імператрыцы па-святочнаму апранутых людзей, паказваў
179 👁