Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Беларускай фразеалогіі» Ф. Янкоўскага (1968, с. 216): ліса фарбаваць — 'быць няшчырым, выкручвацца хітруючы'. Пайсці ва-банк. Гл, ісці (пайсці) ва-банк. Пайсці да Абрама на піва. Гл. адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва. Пайсці на вудачку чыю, каго. Гл. ісці (пайсці) на вудачку чыю, каго. Пайсці па лініі найменшага супраціўлення. Гл. ісці (пайсці) па лініі найменшага супраціўлення. Пайсці рукой. Гл. рукой пайсці. Пайсці ўгору. Гл. ісці (пайсці) угору (угару). Пайсці ў Каносу. Гл. ісці (пайсці) y Каносу. Пайсці ў рожкі з кім. Гл. y рожкі пайсці (узяцца) з кім. Пайшла пісаць губерня. Запазыч. з руск. м. Выкарыстоўваецца з іранічнай афарбоўкай, калі кажуць пра інтэнсіўнае разгортванне якіх-н. дзеянняў, пра пачатак перапалоху, розных плётак і г.д. Дубенскі павятовы спраўнік Рамешка.. нагнаў А. Незабытоўскага.. і загадаў вярнуцца ў Пінск, дзе здаў яго пад арышт мясцоваму гараднічаму. Пайшла пісаць губерня! (С. Александровіч. Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі). Крылаты выраз з паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы». Назіраючы на балі ў губернатара, як дамы і чыноўнікі падняліся і панесліся ў хуткім танцы, Чычыкаў усклікнуў: «Вона! пошла писать губерния!» Выраз утварыўся далучэннем слова губерня да фразеалагізма пайшла пісаць, які і сёння ўжываецца ва ўсходнесл. мовах. Сэнсава і стылістычна гэтыя фразеалагізмы не адрозніваюцца, і тое, што першародны (пайшла пісаць) не знікае, вытлумачваецца яго большай магчымасцю спалучацца са словамі і здольнасцю першага кампанента ўтвараць формы роду і ліку (пайшла, пайшло, пайшлі пісаць): [Цёця Каця:] Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса гавораць?.. [Гарлахвацкі:] Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна. [Цёця Каця:] Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.) [Гарлахвацкі (адзін):]. Пайшло пісаць! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). Паказаць дзе ракі зімуюць каму. Агульны для ўсходнесл., польск. і балг. м, Правучыць, жорстка пакараць кагосьці. Вось папрашу, каб ён паказаў табе дзе ракі зімуюць (І.Шамякін. Крыніцы). Пра паходжанне гэтага выразу ёсць некалькі здагадак. Мяркуюць, напрыклад, што яго ўзнікненне звязана з прыгонным часам, калі паны змушалі сялян лезці зімой у халодную ваду і даставаць ракаў з нораў, дзе яны зімуюць. Думаецца, няма
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
 ◀  / 440  ▶