Пад рукой. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'у чыёй-н. уладзе (быць)', 'каля сябе, так блізка, што можна лёгка дастаць, выкарыстаць' і 'вельмі блізка, недалёка, побач'. Ведаў [Арсень] адно: ён на фронце, пад яго рукой за чатыры дзесяткі байцоў (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны). Дуга была тут недалёка — ляжала тут жа пад рукою (Я. Колас. Новая зямля). [Янка] міжвольна ўсе свае няўдачы зварочваў на таго, хто быў пад рукою (У. Дамашэвіч. Ключ ад шчасця).
Першае значэнне фразеалагізма мае сувязь са старажытным атаясамліваннем рукі з фізічнай сілай і ўладай над чым- ці кім-н. Фразеалагізм у гэтым значэнні ўжываўся ўжо ў XIV ст. — y Лаўрэнцьеўскім летапісе: «Иже послани отъ Олга, великаго князя Рускаго, a отъ всъх иже суть под рукою его светлых бояр».
Пад спудам. Усходнесл. Без выкарыстання, ужывання, прымянення; y забыцці (трымаць, заставацца, знаходзіцца). Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам хараство — узоры слуцкай зямлі (А. Калачынскі. Хлопец з нашага сяла).
Выраз сустракаецца яшчэ ў «Астраміравым евангеллі» (1057): «Ни въжагають светильника и поставляють его под спудьмъ, нъ на свещьнице». Амаль тое самае і ў царкоўнаславянскім тэксце Евангелля (Лука, 6, 14): «Запаліўшы свечку, не ставяць яе пад спудам, a на падсвечнік». Гістарызм спуд — мерка вадкіх і сыпкіх цел, напрыклад: «…было ячменя яко два спуды, которые принесла и указала свекрови свое» (М. Бельскі. Хроніка ўсяго свету). Слова спуд ужывалася і са значэннем тайнік'.
Пад сукном. Агульны для ўсходнесл. м. Без прасоўвання, без руху наперад, без разгляду (трымаць, знаходзіцца і пад.). Няхай бы ўжо такую змрочную паперчыну прафсаюзныя лідэры пад сукном дзе трымалі, давалі ёй ход толькі пры неабходнасці (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).
Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма ляжаць пад сукном (гл.).
Пад сурдзінку. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае 'ціха, прыглушана' і 'тайком, цішком, употай'. Верабей стаяў перад сходам і гаварыў пад сурдзінку — Якія ж вы дзіўныя… (П. Пестрак. Серадзі-бор). У іншых школах мо і лепей, а ў нашай музыка занядбала: Юльчын тата прыглушыў яе, пад сурдзінку грошы калыміць і ў вус не дзьме (Л. Левановіч. Якар надзеі).
Першапачатковая сфера ўжывання выразу — мова музыкантаў, y якой словамі сурдзіна і сурдзінка называюць прыстасаванне (у выглядзе грабеньчыка з расшчэпленымі зубамі), што надзяваецца на падстаўку смычковага інструмента, каб аслабіць, прыглушыць яго гук. Фразеалагізм пад сурдзінку ўзнік на аснове французскага a la courdine з выкарыстаннем замест
61 👁