Нуль увагі каму, на каго, на што. Калька з руск. м. (ноль внимания). Зусім не зважаць на каго-, што-н., абыякава адносіцца да каго-, чаго-н. На супрацьлеглым баку дзеўчынёха вудзіць рыбу. Стройная, маладая, y яркай матросцы… На заляцанні — нуль увагі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Паходзіць, на думку В.У.Вінаградава, са школьнага жаргону. Тут нуль атаясамліваецца з ніколькі, з поўнай адсутнасцю чаго-н. (увагі). Замацаванню фразеалагізма ў мове садзейнічала яго строга фіксаваная, нязменная марфалагічная форма і пастаянная сінтаксічная функцыя выказніка. Нялёгкая гоніць (прыгнала) каго. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару прыходзіць, з'яўляецца (выказванне незадавальнення ў сувязі з прыходам нежаданага госця, наведвальніка). [Яніна:] Ведзьма ідзе… Леснічыха. [Люба:] Чаго ж яе нялёгкая гоніць сюды? (І.Козел. Папараць-кветка). Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор ліха гоніць, нячыстая сіла гоніць, чорт гоніць і інш. Кампанент нялёгкая, неўжывальны па-за фразеалагізмам як назоўнік, паходзіць ад словазлучэння нялёгкая сіла, г. зн. 'нячыстая сіла, чорт, д'ябал, ліха'. Гэты кампанент ёсць і ў фразеалагізмах нялёгкая носіць (каго дзе), нялёгкая нясе (каго) і інш. І.Насовіч падае выраз нялёгкая нясець з паясненнем першага кампанента: «г. зн. сіла». Нясолана хлябаўшы. Запазыч. з руск. м, Нічога не дабіўшыся, ашукаўшыся ў сваіх спадзяваннях. Развітаўся Слімак і пайшоў нясолана хлябаўшы. Усё думаў, гадаў, як жа ён выберацца з усёй гэтай напасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, калі соль была вельмі дарагім прадуктам, бо дастаўлялася здалёку на конях ці валах ды яшчэ абкладвалася высокім падаткам, страву гатавалі несалёнай. A пасля, як садзіліся за стол, гаспадар дзяліў соль. Такі парадак захоўваўся і тады, калі ў дом збіраліся госці. Некаторых, малаважных, часамі гаспадар абмінаў, і яны елі несалёнае. Няўрокам кажучы. Уласна бел. Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем 'няхай і надалей будзе гэтак жа, без змен'. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было (І.Мележ. Людзі на балоце). Узнікненне фразеалагізма звязана з былым павер'ем у магічную сілу слова. Літаральна — 'каб не сурочыць, сказаўшы што-н.'. Няўрокам, урокі, сурочыць — аднакаранёвыя словы
Дадатковыя словы
дябал, зяўляецца, паверем
34 👁