Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Відаць, жыве ў мове і скарочаны варыянт фразеалагізма, зафіксаваны І.Насовічам, — ні пораху: «Ні пораху не асталося мне». Ні складу ні ладу. Агульны для ўсходнесл. м. Бесталкова, бязладна, без пэўнай логікі, без сувязі. І хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу (В. Быкаў. Яго батальён). Узнік праз параўнанне з дрэннай песняй, y якой і словы няскладныя, і музыка (лад) няўдалая. Параўн.: «Устаў шаман, узяў свой бубен (без бубна ён кроку не ступіць), ударыў y яго і запяяў. Доўгую такую, дзіўную песню зацягнуў. Ні складу ў ёй, ні ладу не было» (М. Багдановіч). Ні слуху ні духу. Запазыч. з руск. м. Ніякіх вестак (няма пра каго-н.). Дзе ён цяпер, татка? Ці жывы, ці дачакаюся яго? Недзе ваюе, a дзе — ні слуху ні духу (С. Грахоўскі. Жывое вогнішча). Ні слуху — сэнсаўтваральная частка фразеалагізма і літаральна абазначае 'не чуваць нічога (пра каго-н.)'. Другая частка, абумоўленая рыфмай, выступае як дадатак са значэннем 'не чуць чыйго-н. паху'. Выраз ужыв. і ў скалькаваным варыянце ні слыху ні дыху: «Помню, яшчэ мой бацька расказваў, як яны [мядзведзі] прыходзілі ў вёску і калоды з пчоламі варочалі. Эге-е… За прыгонам яшчэ было. Пасля яны ад нас сышлі: ні слыху ні дыху» (І.Пташнікаў). Ні сучка ні задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (ни сучка ни задоринки). Ніякіх недахопаў (не знаходзіцца, няма, не было і пад.) Павел Іванавіч правяраў надзейнасць таго ці іншага вузла ў рабоце на розных рэжымах і, калі не знаходзіў, як кажуць, ні сучка ні задзірынкі, дазваляў упакоўваць (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку). Паходзіць з прафесійнага маўлення сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці. Ні тпру ні но (ну). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'не дзейнічае (пра машыну, апарат і пад.)' і 'нічога не робіць, ніяк не выяўляе сябе'. Два міліцыянеры… зазірнулі ў акенца адзінокага таксі, якое знаходзілася ў стане, як кажуць, ні тпру ні но (П. Пестрак. Серадзібор). Усім хацелася забіваць галы, і ніхто не хацеў стаяць у варотах. Упрошвалі Сярожу і я, і Вася, і Паўлуша. A ён ні тпру ні ну (П.Місько. Навасёлы). Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі выразамі, y якіх структурная схема ні… ні… запоўнена антанімічнымі словамі (ні ўзад ні ўперад, ні тое ні сёе, ні жывы ні мёртвы). Тпру і но — воклічы, першым спыняюць, другім панукаюць каня. Варыянт з кампанентам ну (ні mnpy ні ну) абумоўлены імкненнем да сугучча. Ні ўбавіць ні прыбавіць. Запазыч. з руск. м. Абсалютна дакладна. — Добра працаваў y зоне… — Добра… Тэмп нармальны. Тут ні ўбавіць ні прыбавіць (А. Алешка. Дарогі без слядоў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
53 👁
 ◀  / 440  ▶