Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
супраць феадалізму і каталіцкай царквы з яе індульгенцыямі і пастамі. Некаторыя, як піша М.І.Міхельсон, «дакладна не выяўлялі, ці рэфарматы яны, ці католікі, г. зн. ці елі скаромнае — мяса, ці поснае — рыбу». Такіх людзей першапачаткова і называлі фразеалагізмам ні рыба ні мяса. Ні самому (самой, самім) паглядзець ні людзям паказаць. Уласна бел. Нікчэмны, непрыглядны; такі, што пакідае непрыемнае ўражанне. Той хоць лётчыкам быў, a гэты хто? Так сабе вахлачок, ні самой паглядзець ні людзям паказаць (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё). Першапачаткова дастасоўваўся, як сведчыць І.І.Насовіч, толькі да фурункула (скулы) на заднім праходзе, a затым стаў ужывацца ў дачыненні да асоб і канкрэтных прадметаў. Ні села ні пала. Агульны для бел. і ўкр. (ні сіло ні пало) м. Неспадзявана, нечакана. Пабылі б яшчэ тыдзень які. A то ні села ні naлa ўзняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў (А. Пальчэўскі. Жнівеньская раніца). Страчаная вобразнасць фразеалагізма ўзнаўляецца, калі мець на ўвазе, што ён утварыўся з прыказкі Ні села ні пала, захацела баба сала ў выніку яе скарачэння. У складзе прыказкі, першапачатковае значэнне якой — 'не паспеў сесці, a ўжо давай яму есці', сэнс слова пала акрэслены, блізкі да сэнсу кампанента села. Ні семя ні емя ў каго, дзе. Уласна бел. Зусім няма нічога есці. I яна мучыцца, і бацька мучыўся. Бывала, ні семя ў яго ні емя (Я.Сіпакоў. Крыло цішыні). Утвораны па мадэлі з фразеалагізмамі тыпу ні кала ні двара, ні роду ні плоду. Структурная схема ні… ні… запоўнена словам семя насенне' і наватворам емя (ад есці), абумоўленым рыфмай да семя. Ні сінь пораху. Агульны для бел. і руск. (ни синь пороха) м. Зусім нічога (няма, не засталося і пад.). A там, глядзім, солі — ні сінь пораху. Цётка Пёкла памуляецца і скажа: — Вазьмі шчопаць, пасалі (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). Першапачаткова сінь — гэта чорны' (гл. на сіні пазногаць), a порах — пыл' (з такім значэннем слова порах падаецца ў слоўніках У. Даля, І.Насовіча, з такім жа значэннем яно ўжываецца ў сучаснай украінскай мове; параўн, таксама бел. парахня). Ні сінь пораху — літаральна «ні чорнай пылінкі». У сувязі з тым, што ўнутраная форма фразеалагізма з цягам часу забылася, a паводле структуры ні сінь пораху стаў адзінкавым выразам, y некаторых бел. гаворках ён выраўнаваўся на ўзор выразаў жывой, прадуктыўнай мадэлі тыпу ні каліва ні беднага, ні ўцяць ні ўзяць: «Прыйшлі з блакады — ні ў кога ні пораху ні сіняга» (Ф. Янкоўскі).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
81 👁
 ◀  / 440  ▶