Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
тут армія, і не абы-якая армія. Дубальтоўкамі яе не спыніш. Пакласці лепшых людзей ні за панюх табакі — карысці мала (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Узнік y мове спажыўцоў нюхальнага тытуню (табакі). Устарэлае слова панюх абазначала дробачку табакі. «„Панюх (табакі)" — ад тых часоў, калі модна было нюхаць табаку (бралі крышачку, на адзін „панюх" табакі ў шчопці і нюхалі)» (Ф. Янкоўскі). Ні за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ни за что, укр. ні за що). Ні пры якіх умовах, абставінах (не будзе, не адбудзецца што-н.) — Брыгадзір наш у праўленне пайшоў, a я… Пры ім жа і не падумай адлучыцца. Ні за што не адпусціць! (Я. Каршукоў Усмешка). Узнік як фрагмент сінанімічнага фразеалагізма ні за што на свеце (гл.). Ні за што на свеце. Напэўна, калька з франц. м, (pour rien au monde). Hi пры якіх умовах, абставінах (не будзе, не адбудзецца што-н.). Калі б да вайны школьніку Міколу Голубу сказалі, што ён будзе аграномам, стане старшынёй калгаса, то ён не паверыў бы гэтаму ні за што на свеце (І.Навуменка. Вясновыя праталіны). Нізкай пробы. Агульны для ўсходнесл. м. Дрэннай вартасці, дасканаласці, кваліфікацыі. Эстрадную тэлепраграму літаральна запаланіла рок-музыка нізкай пробы (Звязда. 22.02.1988). Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; y іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць найвышэйшай, высокай і нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве. Параўн.: «Было заключэнне ювеліра: пярсцёнак з золата нізкай пробы, камень — шкло пад брыльянт» (В. Хомчанка). Ні кала ні двара. Усходнесл. Зусім нічога няма, не было ў каго-н. Добра табе, халасцяку, ні кала ні двара, сам сабе галава. A тут — чацвёраў доме, і малыя! (В. Быкаў. Трэцяя ракета). Этымалогія фразеалагізма стане зразумелай, калі прыняць пад увагу, што ўстарэлае слова (гістарызм) кол абазначала 'невялікі ўчастак ворнай зямлі, надзел каля хаты (у некаторых мясцінах — шырынёю два сажні)'. Двор — гэта гаспадарка'. Такім чынам, першапачатковае значэнне спалучэння было канкрэтным паказчыкам беднасці — 'ні зямлі, ні гаспадаркі'. Ні млён ні таўкач. Уласна бел. Ні на што не здатны, няўмелы. Я хацеў закрычаць, абразіць, сказаць, што ён ні млён ні таўкач, y нашым Чарцяжы так называюць людзей нікчэмных, ні на што не здатных (В. Шырко. Імем барыкад мяцежных).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
 ◀  / 440  ▶