Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Не ўсе дома ў каго. Відаць, паўкалька з польск. м. (nie wszyscy w domu). Хто-н. прыдуркаваты, ненармальны. [Якім:] A ці нікога няма? [Паўлінка:] Ой, ой, памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат (Я. Купала. Паўлінка). У некаторых працах па ўкр. фразеалогіі сцвярджаецца, што фразеалагізм не всі дома склаўся ў выніку скарачэння прыказак Не всі дома — половина поіхали; У нього не всі дома — поіхали по курай. Аднак тое, што пададзеныя тут кантэксты не першасныя, не зыходныя, a другасныя, пашыраныя шляхам нарашчэння, пацвярджаецца такім моўным фактам, як фіксацыя гэтага выразу менавіта ў кароткай форме ў польскіх помніках яшчэ ў XVI ст. (у форме nie ws2ycsy w domu). Адсюль можна меркаваць, што бел. не ўсе дома (параўн. руск. не все дома, чэшск. nemit usech domа) — паўкалька з польск. м. Магчыма, напачатку кампаненты w domu асацыіраваліся са спалучэннем y галаве (у якой „не ўсё ў парадку"). Не фунт ізюму каму. Запазыч. з руск. м. Не дробязь, не пусцяковіна; справа сур'ёзная. —A вы што робіце? — Што я раблю? Ого-го! Важную дзяржаўную справу, пане мой! Сталыпінскія хутарочкі… Гэта не фунт ізюму… (М. Гарэцкі. Меланхолік). Фразеалагізм можна лічыць матываваным, калі мець на ўвазе, што ўстарэлае слова фунт абазначае даўнейшую меру вагі, роўную 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы. Не цяпер дык у чацвер. Агульны для бел. і ўкр. (не теперь то в четвер) м. Калі-небудзь, y бліжэйшым будучым і абавязкова (будзе што-н.). Калі становішча абвострыцца, не раю марудзіць. Не цяпер дык у чацвер прыйдзецца брацца за зорою (Р. Няхай. Туман над стэпам). Утвораны па мадэлі з сэнсава тоесным фразеалагізмам не сёння-заўтра (гл.). У аснове выразу — прыём антытэзы. Выкарыстанне слова чацвер (а не назвы якога-н. іншага дня) абумоўлена рыфмай. Ні a ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведаць, не разумець). Яго, малечу, — адзін нос тарчыць за партай, — ставяць у прыклад семнаццацігадовым дзецюкам, якія — аж смешна — ні a ні бэ ў навуцы (В. Мыслівец. Задняпроўцы). Узнік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ ні кукарэку з запаўненнем структурнай схемы назвамі першых літар алфавіта. Ні бельмеса не ведаць, не разумець. Запазыч. з руск. м. Зусім нічога. Адразу [Рыгор] гаварыў па-свойму, але бачыць, што гэты немец ні бельмеса не разумее з яго гаворкі, і хочаш не хочаш, a давялося ламаць язык на чужы лад (Я. Лецка. Па цаліку).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
 ◀  / 440  ▶