На чым свет стаіць. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна, нястрымна (лаяць, лаяцца, клясці, крыць і пад.). Каваль паказвае малойцу, дзе трэба па кавадлу біць, і лае на чым свет стаіць няўмелага малатабойца (Я.Сіпакоў. Кузня). Узнікненне фразеалагізма, як лічыць В. М. Макіенка, звязана са старажытным вераваннем людзей, паводле якога свет стаіць на чымсьці (напрыклад, на трох вялікіх кітах). Першапачаткова выраз абазначаў 'да самай асновы свету, грунтоўна'. Нашага палку прыбыло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. нашего полку прибыло, укр. нашого полку прибуло). Нас, такіх, як мы, стала больш (гаворыцца пры з'яўленні ў калектыве чалавека аднолькавых поглядаў, перакананняў і інш.). [Клава:] Гэта друг таварыша Язвы, паэт. [Жлукта:] Значыць, нашага палку прыбыло (К. Крапіва. Мілы чалавек). Дзеяслоўны кампанент ужыв. і ў форме цяперашняга часу: О! Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца (Я. Колас. На ростанях). Выраз прыйшоў са старадаўняй песні-гульні „А мы проса сеялі". Хлопцы і дзяўчаты станавіліся ў два рады, ці, іначай, палкі (даўней словам полк называлі не толькі вайсковую адзінку, але і, як засведчана У. Далем, гурт, чараду людзей). Калі з адной чарады ў другую пераходзіў, як таго патрабавалі ўмовы гульні, хлопец ці дзяўчына, полк, які атрымаў папаўненне, спяваў: Нашага палку прыбыло, прыбыло, Ой, дзідлада, прыбыло, прыбыло! У вершаванай аповесці А. А. Бястужава-Марлінскага „Андрэй, князь Пераяслаўскі" апошні з прыведзеных радкоў песні падаецца ў такой арфаграфіі: „Ой, дид-ладо, прибыло!" Гэта пралівае святло на нацыянальна-этымалагічны бок песні. Украінскае дід — гэта „дзед", ладо — „лада" (у руск. і бел. мовах), ці „мілы". Адсюль становіцца зразумелым, чаму ў назоўнікавым кампаненце фразеалагізма нашага палку прыбыло такі незвычайны канчатак — y: і ў сучаснай укр. м. слова полк мае ў род. скл. адз. л. формы полку і полка a літаратурная норма фразеалагізма — нашого полку прибуло. Відаць, і ў памянёнай песні націск прыпадаў не на другі, a на першы склад назоўнікавай формы полку. На шапачны разбор. Паўкалька з руск. м. (к шапочному разбору). Ужыв. пры дзеясловах прыйсці, паспець і абазначае 'позна, пад самы канец чагосьці'. — Але доўга нешта вы там, — плюснуў Чубар прыжмуранымі ад бяссонніцы вачамі. — На шапачны разбор, лічы, прыйшоў!.. (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Зыходная вобразнасць фразеалагізма адлюстроўвае пэўную сітуацыю: хто-небудзь завітаў y госці тады, як ужо ўсе іншыя
Дадатковыя словы
зяўленні
44 👁