Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
расшчапіўся на дзве часткі: дзеяслоў распякаць з тым жа значэннем, што і поўная фразеалагічная адзінка, — 'вельмі моцна прабіраць, выгаворваць з дакорам', і самастойны выраз на ўсе коркі — 'вельмі моцна'. Апошняе найчасцей спалучаецца з дзеясловамі са значэннем 'бічаваць словамі'. На ўсе лапаткі. Гл. ва (на) усе лапаткі. На ўсе сто. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) y поўнай меры, як і трэба (рабіць што-н.), 2) вельмі добра, цудоўна (жыць, рабіць што-н.), 3) вельмі добры, цудоўны. Юркаў гэтым перакананы на ўсе сто (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). Што і казаць, жылі на ўсе сто, на поўную маліну… (М. Лынькоў. На вялікай хвалі). Конь, як кажуць, на ўсе сто (В. Адамчык. Год нулявы). Гэта скарочаны варыянт фразеалагізма на ўсе сто працэнтаў, які ўзнік са свабоднага словазлучэння ў выніку развіцця ў ім пераноснага значэння. На ўсе чатыры бакі, стараны ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. Недакладная калька з франц. м. (aller par quatre chemins, літаральна „ісці па чатырох дарогах"). У любое месца, абыкуды, куды захочацца. Ці ты скажаш, ці не? Вырашай! Нашто цяганіна? Мы пусцім цябе на ўсе чатыры бакі (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца). Паводле М.І.Міхельсона, выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча". На ўсіх парах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на всех парах, укр, на всіх парах). Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. Пад вечар, пазычыўшы ў суседа веласіпед, Мікола Гаўрылавіч злётаў на ўсіх парах да свайго слупа (Г. Марчук. Аб'ява на слупе). Утвораны па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным выразам на ўсіх парусах (гл.). Калі парусныя судны былі выцеснены параходамі, назоўнікавы кампанент парусах быў заменены іншым, больш лагічным для пэўнага часу. На ўсіх парусах ляцець, імчацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі хутка, з вялікай скорасцю. [Чухрай:] Таеарыш Міхайлаў! Тут дa вас дамачка на ўсіх парусах… Дапусціць? (П. Васілеўскі. Год дзевяцьсот семнаццаты). Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася ў маўленні маракоў. Калі на парусным судне падымалі ўсе парусы, то яно ішло з максімальнай для яго хуткасцю
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абява
51 👁
 ◀  / 440  ▶