Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
магчымасці, стаў ужывацца не толькі з дзеясловам гаварыць, a і з іншымі (ісці, абяцаць і г. д.): „Пакуль нашы чаравікі не купілі, пакуль y іх не ходзяць на работу, y кіно, на танцы, значыць, мы працуем, як у народзе кажуць, на ўзвей вецер" (Л. Левановіч). На ўзводзе. Запазыч. з руск. м. (на взводе). Ужыв. са значэннямі: 1) y стане ап'янення, 2) y стане ўзбуджэння, раздражнення. Ты сёння, старшыня, на ўзводзе, падпіўшы (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). Вярнуўся [муж] і ўбачыў што Ніна на ўзводзе, — моўча сядзела на канапе і вязала світэр (В.Гігевіч. Асенні вечар). Лічаць, што сучасны варыянт фразеалагізма — вынік скарачэння ранейшых выразаў на першым (другім, трэцім) узводзе, якія адрозніваліся паміж сабой ступенню пэўнай ацэнкі чалавека. Склаўся па асацыяцыі з узвядзеннем ружэйнага курка для гатоўнасці выстраліць. Паводле М.І.Міхельсона, на трэцім узводзе значыла 'вельмі пяны', „больш за магчымае, бо курок ружжа, на які тут намякаецца, мае толькі два ўзводы". 2-е значэнне развілося на аснове 1-га, y якім актуалізацыю атрымала сема ўзбуджанасці. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго зыходнай вобразнасці: „Неаднойчы пераконваўся, што лепш за ўсё мне працуецца на ўзводзе, калі палец увесь час на спускавым курку, націснеш — і стрэліць! Ты нават не ведаеш, куды: y сябе самога, y сябра ці ворага…" (А. Кудласевіч). На ўлонне прыроды. Гл. на лона (на ўлонне) прыроды. На ўлонні прыроды. Гл. на лоне (на ўлонні) прыроды. На ўсе застаўкі. Агульны для бел. і ўкр. (на всі заставки) м. Фразеалагізм у залежнасці ад таго, з якімі дзеясловамі ён спалучаецца, рэалізуе розныя значэнні: 1) спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.): газаваць на ўсе застаўкі (А. Макарэвіч); 2) вельмі гучна, голасна (храпці, захрапці): храпуць на ўсе застаўкі (А. Савіцкі); 3) вельмі хутка, імкліва (бегчы і пад.): пёр на ўсе застаўкі (З. Бядуля); 4) вельмі моцна, празмерна (хваліць і пад.): на ўсе застаўкі расхвальваў (В. Дайліда); 5) шырока, прыветліва (смяяцца і пад.): на ўсе застаўкі ўсміхнуўся (Я. Брыль). Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе застаўкі — 'шчыты для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына'. Зыходнае значэнне — 'спаўна, як толькі можна'. На ўсе коркі. Запазыч. з руск. м. Mae значэнне 'вельмі моцна'. Калі вам часамі закідаюць вуду (хто? глядзіце самі, я казаць не буду), хваляць на ўсе коркі, хоць жадаюць смерці, — гэта зноў жа толькі фіга на талерцы (К. Крапіва. Фіга на талерцы). На думку А. М. Бабкіна, выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме распекать на обе (на все) корки (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка), a пасля
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

апянення
34 👁
 ◀  / 440  ▶