Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
кампанентным складзе і ў нятоесным значэнні: выхаваў на паповы сані — „смерць, скананне" (М. Федароўскі. Люд беларускі…, с. 241); глядзець на паповы сані — „вельмі кепска пачуваць сябе (пра хворага), рыхтавацца да смерці" (Ф. Янкоўскі. Беларуская фразеалогія, с. 107). Магчыма, глядзець на паповы сані— кантамінаваны выраз, які склаўся ў асобных беларускіх гаворках па структурнай аналогіі з польскім фразеалагізмам patrzeć па księzą oborę (літаральна „глядзець на ксяндзоўскую абору") — „быць блізкім да смерці". На пасад садзіць каго. Уласна бел. Аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: на пасад дачку княжну садзілі (Я. Купала. Курган). Узнік y выніку метафарызацыі пераменнага словазлучэння, звязанага з даўнейшым вясельным абрадам. Пасад, як засведчана ў слоўніку І.І.Насовіча, — 'месца, на якім на вяселлі садзяць нявесту'. У паэме В. Дуніна-Марцінкевіча „Гапон" словазлучэнне на пасад садзіць выкарыстана як свабоднае, з прамым значэнкем слоў: „Лубку з жытам падстаўляюць, маладу на ёй саджаюць, як каралеўну на ўрад; яна ж усцяж галосіць, кругом паклоны разносіць дый зноў сядзе на пасад". Напасці на след каго, чаго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго-, штон., ці даведацца пра месца, дзе знаходзіцца хто-, што-н. Каб хто чуў Рыгораў наказ, падумаў бы, што Рыгор напаў на след чалавека, якога шукаў гадамі (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Паходзіць з маўлення паляўнічых, дзе ўжываецца з прамым значэннем у дачыненні да следу дзікай жывёлы. На пень брахаць навучыцца, навучыць і пад. Уласна бел. (Вучыць, навучыць каго-н.) гаварыць недарэчнае, неразумнае. — Скажы, чаго гэта з Верасава цябе прынясло ў Дварчаны. — Выгналі… — Бачу; што і ты ўжо навучыўся на пень брахаць (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца). Ужыв. і ў больш развітай, нарошчанай форме: на пень брахаць, на калоду тукаць: — Яна ж y нас толькі навучыцца. — Навучыцца… На пень брахаць ды на калоду тукаць. Досыць ужо навучылася (М. Зарэцкі. Як Настулька камсамолкай зрабілася); Шырэй думай. Табе здаецца, што ў нас… навучаюць на пень брахаць, на калоду тукаць? (А. Масарэнка. Лесавікі). Узнік са свабоднага словазлучэння, звязанага з недарэчным сабачым брэхам іншы раз і на пень. Параўн.: „— A ты куды глядзеў? — замахваецца бацька пугай на сабаку. — На пень брэшаш, a на кароў не хочаш" (В. Шырко); „Дурны сабака і на пень брэша" (Ф. Янкоўскі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
35 👁
 ◀  / 440  ▶