На валаску ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. У вельмі небяспечным становішчы (быць, знаходзіцца). Многа разоў маё жыццё было на валаску, але жыла нейкая дзіўная ўтуненасць, што мяне не заб'юць (У. Дамашэвіч. Хараство душы). Утварыўся на аснове фразеалагізма вісець на валаску (гл.) y выніку ўсячэння яго дзеяслоўнага кампанента. На валовай скуры не спішаш чаго. Уласна бел. Вельмі многа, y вялікай колькасці. На тую пару пасыпаліся прозвішчы ад пастухоў: «Рабы, Галдабыр, Касня…» Куды — на валовай скуры тых прозвішчаў не спішаш (Цётка. Міхаська). Узнік праз супастаўленне са старажытным рукапісам, напісаным на пергаменце. Даўней, да вынаходства паперы, пісалі на спецыяльна апрацаванай скуры жывёлы, часцей гэта была валовая скура. Параўн.: «Калі яўрэі ўсім мястэчкам неслі ў сінагогу новую тору, спісаную па далёкай традыдыі на валовай скуры, Бурштэйн ішоў з гзтай самай блішчастай палачкай у першых радах» (П. Пестрак). Наварыць піва. Агульны для бел., польск. (nawarżyć piwa), укр. (пива наварити) м. Распачаць складаную, непрыемную справу. — Ідзі ты наперад ды пакланіся яму… — Што ты мяне пасылаеш? Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). Паходзіць са свабоднага словазлучэння, y якім піва абазначала пітво'. Даўней, як пісаў y 1856 г. С. Салаўёў, пітво («піва») варылі ў складчыну і на свята разам пілі яго. Гатаванне піва было далёка не простай справай. На вастрыі нажа хадзіць. Відаць, калька з ням. м. (auf des Messers Schneide). У пастаяннай небяспецы для жыцця. Вось хлопцы ўчора вярнуліся. Два месяцы хадзілі на вастрыі нажа, a верхні чыгуначны мост узарвалі (Р. Няхай. Туман над стэпам). Фразеалагізм успрымаецца як матываваны. Навастрыць вушы. Гл. вастрыць (навастрыць) вушы. На (ва) ўвесь дух. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. во весь дух, укр. скільки духу), абазначае 'вельмі хутка' і ўжываецца пры дзеясловах руху (бегчы, несціся і інш.). I адразу ўзяў разгон напрасткі хлапчына, на ўвесь дух імчыцца ён… (В.Вітка. Казка пра цара зубра). Слова дух y гэтым фразеалагізме мае значэнне 'дыханне, дых', якое захавалася толькі ва ўстойлівых выразах (напрыклад: дух займае, перавесці дух). Першапачатковы сэнс выразу — 'на ўсё дыханне, колькі хапае дыхання'. На векі вечныя. Агульны для ўсходнесл. м. Назаўсёды, навечна. Зараз ачысціцца ад вайны тое месца, адкуль ён родам
Дадатковыя словы
забюць, ўтўненасць
45 👁