На благі канец. Паўкалька з руск. м. (на худой конец). Пры найгоршых абставінах. Мы дарослыя… На благі канец будзем жыць y інтэрнаце або ў нас (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Два кампаненты ў скалькаваным выразе — сэнсаўтваральныя: благі—суадносіцца з адпаведным словам у значэнні 'дрэнны, кепскі', a канец — y значэнні 'завяршэнне, заканчэнне'. Аднак сума гэтых значэнняў усё роўна не тоесная з агульным сэнсам фразеалагізма. На блізкую нагу быць, сысціся і пад. Уласна бел. Вельмі блізка, y блізкіх, сяброўскіх адносінах (быць з кім-н.). Праз пару мінут з хлопчыкам мы былі на блізкую нагу, а ў кірпатай жанчыны насцярожанасць рассеялася (А. Карпюк. Куды едзеш, хлопчык?). Утварыўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма на кароткую нагу з кім (гл.): прыметнікавы кампанент заменены словам блізкі, якое тут выступае сэнсаўтваральным элементам фразеалагізма. Піць на брудэршафт. Паўкалька з ням. м. (Brüderschaft trinken, літаральна «братэрства піць»). 3 правам дружыць і звяртацца адзін да аднаго на «ты». — Ой, што вы! — слаба запярэчыла Клава. — На брудэршафт звычайна п'юць мужчына з мужчынам (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў). Ужыванне назоўнікавага кампанента, запазычанага з ням. м., з прыназоўнікам на замацавалася, відаць, пад уплывам фразеалагізма на ты (з кім) (гл.). На вагу золата. Калька з франц. м. (au poids de l'ог). Ужыв. са значэннямі 'вельмі высока, дорага (цаніць, каштаваць і пад.)' і 'вельмі значны, каштоўны, цэнны'. Вы ж апрача ўсяго вогнетрывалую цэглу зможаце эканоміць. A яна, пэўна, на вагу золата каштуе? (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Цэмент у гады індустрыялізацыі быў на вагу золата (В. Макарэвіч. Цэмент і барозны). Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца выразна. На ваду брахаць. Уласна бел. Бясконца многа піць, не могучы прагнаць смагу. Вобла — гэта добра. Але каб ад яе на ваду не брахаць (Я. Радкевіч. Сутокі дзён). Склаўся, відаць, на аснове хадзячага аповеду. Ён занатаваны і ў названым вышэй рамане Я. Радкевіча. Начлежнікі сталі даваць печаную бульбу сабаку, закладваючы ў сярэдзіну яе драбок солі. «Той галодны, бульбіну глыне — і зноў чакае, калі дадуць. Наеўся нарэшце, a соль у страўніку растала і пачала смаліць. Ну, Шарык да вады. Пап'е, пап'е, a хочацца ўсё адно. Ужо і піць не можа, a смага паліць. Дык ён дабяжыць да рэчкі, хлебтане вады, болей не можа — і пачынае на ваду брахаць
Дадатковыя словы
l'оr, lог, папе, пюць
41 👁