Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Паходзіць з біблейскага тэксту (Быццё, 5,12) пра патрыярха Мафусаіла, які пражыў нібыта 969 гадоў. Махаць пасля бойкі кулакамі. Гл. размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі. Махнуць рукой на каго, на што. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Перастаць звяртаць увагу на каго-, што-н., перастаць цікавіцца кім-, чым-н. На Сымонку даўно ў хаце ўсе махнулі ўжо рукой (Я. Колас. Сымон-музыка). Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану. Медны лоб. Калька з франц. м. (front d'airain). Тупы, абмежаваны ці занадта ўпарты чалавек. Там, дзе ён робіць расцяроб, знікае ўсё жывое… Ha тое ж ён — і медны лоб, стварэнне ў помсце злое (А. Бачыла. Медны лоб). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ў вершы Я. Купалы «На тэму крытыкі і самакрытыкі»; О, крытык, грызапёр мой бедны! Чытач, яго ты пажалей; не месціць, брат, яго лоб медны ні прынцыпаў тых, ні ідэй. Прыметнік медны як эпітэт да слова лоб выкарыстоўваўся ў лац. м., сустракаецца ў Бібліі (Ісаія, 48, 4): «жила железна, выя твоя, и чело твое медяно» (у шыі тваёй жыла жалезная, і лоб твой медны). У франц. м. словазлучэнне медны лоб стала ўжывацца з пераносным значэннем і перайшло ў шмат якія еўрапейскія мовы. Мераць асьмінай грошы. Уласна бел. Многа мець, атрымліваць, нажываць (грошай). [Куторга:] Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў; a стары грошы асьмінаю мерае (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). Асьміна (ад лічэбніка восем) — устар. слова, старая мера аб'ёму сыпкіх цел, пасудзіна на тры пуды збожжа або на восьмую частку бочкі (каля 105 л). Фразеалагізм засноўваецца на гіпербале. Гэта гіпербалічнасць падкрэсліваецца ў паэме Я. Купалы «Адплата кахання» ўжываннем спалучэння чуць не перад фразеалагізмам: «Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа, і конікаў сытых, і ўсякай скаціны, і грошы, што чуць іх не мераў асьмінай». Мераць на адзін капыл каго. Уласна бел. Меркаваць пра каго-н., ацэньваць каго-н. абсалютна аднолькава, без уліку індывідуальных асаблівасцей. Але, бачыце, нельга ўсіх рабочых мераць на адзін капыл (Р. Мурашка. Сын). Кантамінаванае ўтварэнне, узнікла аб'яднаннем фразеалагізмаў мераць на адзін аршын + на адзін капыл і захавала значэнне фразеалагізма мераць на адзін аршын. Мераць на свой аршын каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Меркаваць пра каго-, што-н. аднабакова, суб'ектыўна, з асабістага пункту гледжання. Сядзіць такі ваяка-кіраўнік y
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

dairain, абяднаннем, абёму, субектыўна
61 👁
 ◀  / 440  ▶