Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Абрэзаць крылы каму, у каго. Гл. абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго. Абсалютны нуль. Агульны для ўсходнесл. м. Нікчэмны чалавек, зусім бескарысны ў якой-н. справе. Хоць ён («дзеяч») асабіста для ўсіх нас уяўляў сабою абсалютны нуль, але ж з займаемага крэсла яму прагнулася даваць «каштоўныя ўказанні», і, хочаш не хочаш, кожны, калі ён выклікаў, павінен быў выслухоўваць яго саматужныя прамудрасці (К. Кірэенка. Размова з Андрэем Макаёнкам). Узнік у выніку пераасэнсавання адпаведнага састаўнога тэрміна. Ім абазначаецца самая нізкая магчымая тэмпература (273,16 °C), пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе. Абсевак у полі. Агульны для бел. і руск. м. Няварты чалавек, не такі, як усе, горшы за іншых. Абсеўкам у полі жыла Агата ў сям 'і Сымона Карпача (Я. Нёманскі. Тодар Базылёнак). Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння. Абсевак — незасеяная лапіна на ніве, прапушчанае пры сяўбе месца. Абтрэсці прах з ног чый, каго, чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Канчаткова парваць з кім- ці чым-н. Калі рваць, дык рваць рашуча… Абтрасём яго прах з нашых ног! (П. Місько. Шчасця ключы). У евангельскім тэксце (Лука, 9, 5) даецца парада: «Калі хто не прыме вас і не паслухае слоў вашых, то, выходзячы з дома ці горада таго, абтрасіце прах ад ног вашых». Тут словазлучэнне абтрэсці прах ад ног (са стараславянізмам прах у значэнні пыл') адначасова мае і прамы сэнс, бо звязваецца з былым, тагачасным звычаем: назаўсёды парываючы сувязь з кім-небудзь, сімвалічна абівалі пыл са сваіх ног, тупнуўшы некалькі разоў ля парога. Абуць у лапці каго. Гл. у лапці абуць каго. Абы дзень да вечара. Агульны для бел. і ўкр. (аби день до вечора) м. Ужыв. са значэннямі 'як папала, нядбала, без ахвоты і старання (рабіць, працаваць і пад.)' і 'каму-н. абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н.'. Нядаўна і яна [Крышталевіч] пабывала ў гэтым калгасе і бачыла, як нехаця там калгаснікі працавалі — абы дзень да вечара (В. Якавенка. Сэрца — не камень). Гэта яму, Хамянку, абы дзень да вечара, яму і заробак ні ішоў ні ехаў, і так грошай у бацькі з маткаю хоць сцены ў хаце абклейвай (М. Кусянкоў. Прыгода ля зімоўя). Відаць, паходзіць са сказа Абы дзень да вечара прайшоў, дзеяслоўны кампанент якога адпаў. Параўн.: «Не шчыруе, не стараецца і цяпер асабліва ён на калгаснай ніве. Так, целюхаецца абы з ранку да вечара дзень прайшоў» (Б. Сачанка). Ф. М. Янкоўскі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
89 👁
 ◀  / 440  ▶