Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
кампанентамі ў фразеалагізме легчы касцьмі невыразная, аднак некаторы намёк на гэту сувязь адчуваецца пры супастаўленні фразеалагізма з пазнейшымі, сэнсава тоеснымі ўтварэннямі легчы трупам, злажыць косці. Лезці (ісці) на ражон. Усходнесл. Абазначае 'пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу, дзейнічаць, не думаючы пра вынікі'. Ды і сабе самому вы нашкодзіце: вам лезці на ражон няма чаго (Н.Гілевіч. Формула ржавіны). Даўней словам ражон называлі востры кол, які выкарыстоўвалі на паляванні. 3 ім хадзілі на мядзведзя. Звычайна некалькі такіх ражноў пахіла ўкопвалі ў зямлю і гналі на іх звера. На фразеалагізацыю свабоднага словазлучэння лезці на ражон паўплывала тое, што ў мове ўжо быў фразеалагізм перці супраць ражна (гл.), які прыйшоў з царк. — слав. м. Дарэчы, лезці на ражон ужываецца і ў форме перці на ражон: «Я маю спакойны розум і без адуму на ражон ніколі не пру» (М. Гарэцкі). Лезці на сцяну. Гл. на сцяну лезці. Лезці са сваім статутам у чужы манастыр. Агульны для ўсходнесл. м. Умешвацца ў чужыя справы, навязваючы каму-н. свае рашэнні. Помнілася Рыгору адна размова ў двары з суседам. — Прабач, што лезу са сваім статутам у чужы манастыр, — сказаў той. — Але шкада цябе (М. Барэйша. Кеморыйскае мора). Паходзіць з прыказкі У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў. Лезці сляпіцай у вочы каму. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі 'назойліва прыставаць, невыносна дакучаць' і 'раздражняць, злаваць каго-н. непрыемным уздзеяннем'. I сур'ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя, так і лезеш сляпіцаю ў вочы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Праз запыленыя вокны хат сямтам пазіралі агні. I снег усё ішоў лез у вочы сляпіцай (Я. Брыль. У Забалоцці днее). Узнік на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу. Да выразу з цьмянай унутранай формай дададзены для яе ажыўлення кампанент у форме творнага параўнальнага склону; сляпіцай абазначае 'як сляпіца' ці 'як сляпень'. Лезці смалой у вочы каму, да каго. Уласна бел. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць. Смалайціс моцна пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы (М. Гарэцкі. Віленскія камунары
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

кембрыйскае, сурёзны
53 👁
 ◀  / 440  ▶