Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
пахі пад пахі і выбірайся (Я. Колас); бярыце пахі пад пахі і тупайце (А. Кудравец); забірай лахі пад пахі (В. Каналь). Калі ж фразеалагізм ужываецца ў ролі дзеяслоўнага выказніка перад аднародным выказнікам (пры перадачы хуткай змены падзей), то ён абазначае 'схапіць з сабой свае манаткі': Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух! (Я. Купала. Паўлінка). Або: зараз лахі пад пахі і дадому (К. Чорны); мы лахі пад пахі ды ходу (М. Лынькоў). У такіх выпадках перад намі ўжо іншы самастойны фразеалагізм, адрозны ад папярэдняга сваёй семантыкай, сінтаксічнай роляй і спалучальнымі магчымасцямі. Лебядзіная песня. Калька з грэч. м. (kuknеіоn аsmа). Апошні, найбольш значны твор каго-н., апошняя праява таленту, здольнасці. Тарас Хадкевіч… браў пласт мінулага і знаходзіў у ім тыя парасткі новага, якія сёння з'яўляюцца рэальнасцю, сучаснасцю. Пра гэта можа сведчыць яго раман «Песня Дзвіны», — гэтая, на глыбокі жаль, лебядзіная песня пісьменніка (ЛіМ. 15.08.1975). Узнікненне фразеалагізма звязана з павер'ем, што лебедзь спявае адзін раз у жыцці — перад самай смерцю. Павер'е, вядомае старажытным грэкам, сустракаецца ў творах Эзопа, Эсхіла. Відаць, яно мае пад сабой грунт: як сведчаць вучоныя-заолагі, напрыклад нямецкі натураліст А. Брэм, апошнія ўздыхі раненага лебедзя нагадваюць песню. Легчы (залегчы) на дно. Уласна бел. (у руск., укр., польск. і іншых слоўніках не фіксуецца). Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў. Нам трэба на пару тыдняў легчы на дно, перачакаць, а як міліцэйскі шмон на дарогах сціхне, уцячы за мяжу (В. Праўдзін. Вяртанне з апраметнай). Звольніўшыся з гэтай пасады, ён залёг на дно… Не хацеў лішні раз паказвацца (Нар. воля. 16.11.2000). Паходзіць, відаць, з маўлення маракоў падводнага флоту. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма ў дачыненні да матросаў: «Хлопцы раз'язджаліся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора» (У. Арлоў). Легчы касцьмі. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі 'загінуць у баі' і 'старацца з усіх сіл зрабіць што-н.'. Счапіўся з гадам хіленькі пінчук і лёг касцьмі, не прапусціўшы немца! (Е. Лось. Гавораць несмяротныя). Касцьмі лягу, змагаючыся супроць пасадкі «хіміка» ў гэтым раёне (І.Шамякін. Атланты і карыятыды). Выраз фіксуецца ў старажытным летапісе, паводле якога князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў сваім воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвие бо срама не имут». Касцьмі — старая форма творнага скл. мн. л., адпавядае сучаснай касцямі. Семантычная сувязь паміж
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
 ◀  / 440  ▶