Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
рукі стары са старою: — Налажылась наша донька за ўсіх галавою! (Я. Купала. Бандароўна). Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану. Ламаць шапку перад кім. Агульны для ўсходнесл. м. Уніжацца, ліслівіць перад кім-н., паддобрывацца пад каго-н. Хочаце ламаць шапку перад кожным сталом, чакаць прыёму ў дырэктара… (М. Лужанін. Дзівадла). Ва ўкр. м. выраз ужываецца і з варыянтнасцю дзеяслоўнага кампанента: м'яти шапку, г. зн. мяць, камячыць шапку, ці, так бы мовіць, «ламаць» яе. У такім разе можна лічыць, што выраз утварыўся шляхам метанімічнага пераносу: просьбіт, прыніжана звяртаючыся да каго-небудзь, здымаў шапку і, трымаючы яе ў руцэ, механічна, ад няёмкасці, мяў, камячыў яе, «ламаў». Ласкавае цяля. Гл. ліслівае (ласкавае) цяля (цялятка). Лаўры спаць не даюць каго, чые каму. Паўкалька з грэч. м. Абазначае 'хтосьці вельмі зайздросціць чыйму-н. поспеху'. — Табе што, брыгадзіравы лаўры спаць не даюць? — спыталі ў Антося аднойчы (Настаўн. газ. 30.12.1981). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма: Скардзіўся на бяссонніцу. Не давалі спаць лаўры (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Гэта крылаты выраз, які належыць старажытнагрэчаскаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу Фемістоклу. Ён прымаў удзел у Марафонскай бітве, у якой грэкі на чале з афінскім стратэгам Мільціядам разбілі персаў. Фемістокл зайздросціў славе стратэга, паўтараючы: «Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць», аж пакуль сам не стаў славутым палкаводцам. Лахі пад пахі. Уласна бел. У літаратурны ўжытак увайшоў з паўднёва-заходніх гаворак рэспублікі, дзе слова лахі з'яўляецца агульнай назвай разнароднага адзення (параўн. у «Пушчанскай адысеі» А. Карпюка: «Не ведаю, кажух браць ці не? Мо дарэмна буду толькі валачы лахі…»). Першапачатковы сэнс спалучэння зразумелы. У далейшым кампаненты выразу, звязаныя ўнутранай рыфмай, страцілі канкрэтнае і набылі больш шырокае, абагульненае значэнне: лахі — не абавязкова толькі адзенне', пад пахі — не абавязкова 'пад плечы'. Фразеалагізм стаў ужывацца са значэннем 'свае пажыткі з сабой', калі гаворыцца пра любыя асабістыя рэчы, што можна прыхапіць з сабой, панесці ў руках ці на сабе перад адыходам, уцёкамі, ад'ездам куды-небудзь: А што ж будзе? Вазьму лахі пад пахі — маёмасць мая невялікая — ды пайду шукаць шчасця на свеце (Я. Колас. На ростанях). Звычайна фразеалагізм ужываецца пры дзеясловах браць, узяць, забраць, якія могуць прапускацца, але падразумяваюцца: паціхеньку бяры
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
 ◀  / 440  ▶