Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Л Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца). Агульны для ўсходнесл. м. Спыняецца якая-н. справа, хто-н. перастае займацца чым-н. І ты думаеш да пенсіі дарабіць? Доўга табе яшчэ. Прыдумаюць які аўтамат — закрылася лавачка (А. Жук. Хлопчык на краі поля). Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага закрываць лавачку (гл.). Лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Калька з франц. м. (ресЬег еn еаu trouble). Карысліва карыстацца якімі-н. цяжкасцямі. А я думаю — не, не туды, павярнулі. I паддаў ім халодненькага душу, каб выцверазіць. «Што, — кажу, — хлеб не ўдаецца, дык рашылі рыбку у каламутнай вадзе лавіць?» (М. Лобан. Гарадок Устронь). У французаў выраз склаўся на аснове адной з баек Эзопа, перакладзеных з грэч. м. У байцы расказваецца, як хітры рыбак, ускаламуціўшы ваду, ловіць у ёй рыбу, якая сама ўсплывае наверх. Фразеалагізм прыжыўся ў славянскіх, а таксама ням., англ. і іншых мовах. Лазара пець (спяваць). Агульны дляўсходнесл. м. Бедаваць, прыкідвацца няшчасным, старацца расчуліць кагосьці. Ну, святая Барбара, цяпер на табе далёка не заедзеш. Як зловяць паны, дык і будзеш тады Лазара пець (К. Крапіва. Канец дружбы). У дасавецкі час улюбёнай песняй многіх жабракоў была песня пра беднага Лазара. Пра гэта, напрыклад, у драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара" — Данілка іграе». У «Беларускім зборніку. Вып. 5» (1891) Е. Раманаў пісаў: «„Лазар Бедны" шырока распаўсюджаны на Беларусі, яго спяваюць не толькі старцы ех оffiсіо [па прафесіі, „па пасадзе"], але і ўсе прыгнечаныя і зняволеныя. Здаецца, беларус не супраць таго, каб бачыць у Бедным Лазары самога сябе». Песня склалася на аснове евангельскай прытчы (Лука, 16,19–25) пра Лазара, які, хворы, пакрыты струпамі, ляжаў каля варот багацея, чакаючы, пакуль яму выкінуць аб'едкі. Тэкст песні і яе жалобны матыў скіроўвалі на тое, каб расчуліць слухачоў, выпрасіць у іх міласціну. Пад выглядам жабракоў часам хадзілі пад вокнамі ці ў людным месцы і пелі «Лазара» і такія, што прыкідваліся няшчаснымі. Гэта і было падставай для пераасэнсавання свабоднага словазлучэння
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абедкі
49 👁
 ◀  / 440  ▶