Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
не ўмееш… Колькі разоў табе казаў: слухай мяне і будзеш кум каралю (М. Арочка. Хай расце маладая таполя). Ты адчуваеш тут сябе — кум каралю (Д.Бічэль-Загнетава. У Гальшанах). Першапачатковая структура фразеалагізма — двухкампанентная (кум каралю). Другая ж частка, факультатыўная і не часта ўжывальная, нарошчана, змадэліравана на ўзор першай і звязана з ёю злучнікам «і». Сустракаюцца выпадкі далейшага, праўда, індывідуальна — аўтарскага, разгортвання вобразнай асновы фразеалагізма і яшчэ большага пашырэння кампанентнага складу: «О, ты цяпер кум каралю і сват міністру… лёгкай і харчовай прамысловасці» (П.Місько). У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, — нерэальны, прыдуманы, іранічнагіпербалізаваны вобраз. Магчыма, выраз напачатку ўжываўся як параўнальны зварот: «Я цяпер, брат, жыву, як кум каралю» (Р. Сабаленка); параўн. і ва ўкр. м.: «Тепер, взимку, я розкошую, мов кум королю» (М. Стэльмах). Выраз мог узнікнуць тады, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, якой кіраваў кароль. Ужыванне ў бел. м. гэтага трохзначнага фразеалагізма можна было б пацвердзіць 22 прыкладамі з мастацкіх тэкстаў, тады як ва ўкр. і руск. м. ён адназначны і ілюструецца ў слоўніках 2–3 цытатамі. Купляць ката ў мяшку. Гл. ката ў мяшку купляць. Курам на смех. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вельмі дрэнны, 2) вельмі недарэчна, бяссэнсава, смехатворна, 3) зусім мала. Справы ў насу дэпо — курам на смех (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Гэта ж курам на смех, каб барон ды жаніўся з ёю, баранесай захацелася стаць… (М. Машара. I прыйдзе дзень…). Пятрок рабіў як пракляты, шчыраваў удзень і ўночы, а плёну было курам на смех (В. Быкаў. Знак бяды). Узнік па мадэлі людзям на смех (параўн., напрыклад, у прыказцы Паспех людзям на смех). Каламбурны характар гэтага спалучэння ў тым, што куры не ўмеюць смяяцца. «Ні адна са свойскіх жывёл не дае найбольшых прычын да пагардлівых насмешак ці параўнанняў, як курыная парода» (С. Максімаў). Курту з гурту выбіраць (выбраць). Уласна бел. (Выбіраць) каго-н. непрыгожага, кепскага. Выбіраюць курту з гурту — рэжа рэпліка (Р. Барадулін. У Джолсііта Дамасанава). У літаратурнай мове няма назоўніка курта, суадноснага з першым кампанентам фразеалагізма, хоць і ёсць прыметнік куртаты (з чатырма значэннямі). У многіх жа беларускіх гаворках, як сведчаць дыялектныя слоўнікі, існуе слова курта 'маларослы, нізкі чалавек'. У такім разе ўнутраная форма фразеалагізма становіцца празрыстай. Першы ж кампанент атрымаў больш шырокае негатыўнае значэнне ў параўнанні з
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
45 👁
 ◀  / 440  ▶