Класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе; скласці (злажыць, пакласці, палажыць) галаву за каго, за што, дзе. Агульны для ўсходнесл. і польск. (złоżуć głowę) м. Гінуць у баі, ахвяроўваць сабой. — Дзе ж ваш Анатоль цяпер? — Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль (К. Чорны. Трэцяе пакаленне). Выраз з рознымі варыянтамі дзеяслоўнага кампанента сустракаецца ў старажытных помніках, у тым ліку ў «Слове аб палку Ігаравым». Узнік, хутчэй за ўсё, у вайсковым асяроддзі, у баявой практыцы. Кампанент галава выступае як сімвал жыцця. Класціся на алтар чаго, чаму. Блізкі па форме адпаведнік, відаць, ёсць у іншых суседніх мовах, хоць у слоўніках і не фіксуецца. Аддавацца чаму-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Ды што змагацца з неспазнаным? На алтар яму кладзецца творчасць — ахвярапрынашэнне, калі ахвярнікам робіцца мальберт, аркуш паперы, сцэна, ахвярай — талент і дух (В. Куртаніч. Майстра практычных дыскусій). Утварыўся на аснове суадноснага фразеалагізма класці на алтар чаго, чый што (гл.). Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'паддацца на падман' і 'аказацца пад уздзеяннем чаго-н.'. Толькі свіснулі — і ты прыбег. Можна павіншаваць мяне — я выйграў пары. Я быў упэўнены, што ты клюнеш на гэтую вудачку (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Пальчык, як маленькі, клюнуў на вудачку свае ўласнай фантазіі і нейкага хваравітага ўяўлення (У. Дамашэвіч. Я шукаю бацьку). Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў. Кляваць носам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. клевать носом, укр. клювати носом). Драмаць седзячы ці стоячы. Паўлік так навеславаўся, што заснуў у бацькавай лодцы. Канашэвіч таксама клюе носам (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Склаўся праз супастаўленне чалавека, які то апускае, то падымае галаву, калі дрэмле седзячы ці стоячы, — з птушкамі, калі яны клююць ежу дзюбай. Кожны сустрэчны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. каждый встречный, укр. кожний стрічний). Любы, без разбору чалавек. Нярэдка ў жыцці наглядаецца, што двудушнік, пустазвон кожнага сустрэчнага надзяляе такімі ж рысамі характару, якімі валодае ён сам (Р. Семашкевіч. Бацька ў калаўроце). Утвораны на аснове фразеалагізма першы сустрэчны (гл.) — калькі з франц. м
50 👁