Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Метафарычнае значэнне, якое цяпер мае гэты выраз, узнікла на аснове канкрэтнага. Кітайская грамата (пісьмо) цяжкая для авалодання ёю. У Кітаі карыстаюцца не гукавым пісьмом, а іерогліфамі, кожны з якіх абазначае пэўнае слова. Такіх графічных знакаў ёсць каля 60 тысяч, з іх 6–7 тысяч найбольш ужывальныя, без ведання якіх нельга прачытаць газету, часопіс, папулярную літаратуру. Многія іерогліфы вельмі складаныя. Кітайская сцяна. Агульны дляўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) неадольная перашкода; поўная ізаляванасць ад каго-, чаго-н., 2) чаго, сур'ёзная перашкода ў чым-н. Добра паказана [у аповесці А. Мальдзіса] таксама, што ў гістарычным плане аніякай «кітайскай сцяны» не было паміж беларускімі і літоўскімі вёскамі ў межах адных і тых самых паветаў і валасцей Беларусі і Літвы (ЛіМ. 14.12.1984). Ідэя наша — наша сіла… Каб толькі не расла неразумення наўсцяж кітайская сцяна (М. Лужанін. Як нараджаўся новы свет). Узнік на базе тэрміналагічнага словазлучэння. Вялікай кітайскай сцяной называюць крапасную сцяну ў Паўночным Кітаі, якая будавалася ў IV–III стст. да н. э. і часткова захавалася да нашых дзён. Зробленая з каменных пліт, цэглы і зямлі, даўжынёй да пяці тысяч кіламетраў, пры шырыні да шасці і вышыні да дзесяці метраў, яна прызначалася для аховы ад набегу вандроўных плямёнаў. Гэта была сур'ёзная перашкода для ворагаў. Класці (пакласці, палажыць) пад сукно што. Агульны для ўсходнесл. м. Адкладваць рашэнне чаго-н. (справы, просьбы, заявы), пакідаць без увагі, без руху. [Глуздакоў:] У нас ёсць пісьмо з вобласці аб перагібах Буйкевіча? [Цесакоў:] Першы раз чую. [Лявон: ] Няўжо і там пад сукно палажылі? (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце). Узнікненне фразеалагізма звязана з традыцыямі даўнейшай судовай практыкі, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час пад сукно, якім засцілаўся службовы стол чыноўніка. Класці (пакласці, скласці) на алтар чаго, чый што. Блізкі па форме адпаведнік ёсць у розных мовах: руск. (приносить на алтарь чего), укр. (приносити (віддавати, складати) на вівтар (алтар) чого, чий што), польск. (złоżуć nа оłtагz сzegо со) і інш. Аддаваць што-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Мусіць, у гісторыі не было іншага чалавека, які б паклаў на алтар беларускага асветніцтва столькі ўласных сродкаў, як Магдаліна Радзівіл (Настаўн. газ. 26.01.2002). Узнік у выніку пераасэнсавання рэлігійнага тэрміналагічнага словазлучэння, дзе алтаром называецца месца, на якое ўскладаліся ахвярапрынашэнні і перад якім адпраўляліся культавыя абрады
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

оłtаrz, сурёзная
52 👁
 ◀  / 440  ▶