Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Кідаць (кінуць) у твар каму, каго што. Калька з франц. м. (jеtег а lа fасе dе qn). Гаварыць рэзка і адкрыта, не ўтойваючы. На канцы размовы, прыціскаючы на кожным слове, кінуў у твар дачцэ: — Калі толькі праўду мелюць, дык глядзі, каб я больш пра гэта не чуў і табе не казаў (Р. Мурашка. Сын). На аснове скалькаванага выразу развіўся варыянт кідаць (кінуць) у вочы каму, каго што: Моладзь выбягала наперад і ў вочы паліцыянтаў кідала гэтыя воклічы (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Кідаць (кінуць) якар дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Спыняцца, уладкоўвацца дзе-н. на пастаяннае жыхарства. Са мною было так: дзе служыў, там і кінуў якар, дадому не паехаў (М. Кусянкоў. Жар пад прыскам). Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў. Параўн.: «Адзін раз летам у бухце кідаў якар цеплаход» (А. Крыга). Кідаць цень на каго, на што. Калька з франц. м. (jеtег unе оmbге). Ужыв. з двума значэннямі: 'азмрочваць што-н.' і 'чарніць, пляміць каго-н. ці што-н.'. Непрыемна зрабілася ад думкі, што Поля шкадуе яго… Такое шкадаванне як бы кідала цень на іх дружбу, як бы прыніжала яе (І. Шамякін. Атланты і карыятыды); Чым можна будзе, памагу. Але кожная сустрэча можа кінуць цень на ваша добрае імя. Гэта ж вёска… (С. Грахоўскі. Ранні снег). Гэтыя значэнні развіліся ў выніку двухразовай метафарызацыі зыходнага значэння, уласцівага адпаведнаму свабоднаму словазлучэнню. У вобразнай аснове фразеалагізма выразны намёк: цень засланяе прадметы ад святла, зацямняе іх. Параўн.: «Самая доўгая галіна кідала цень на падаконнік» (У. Рубанаў). Кінуць камень у каго. Паўкалька з царк. — слав. м. (верзити камень). Асудзіць, ачарніць, абвінаваціць каго-н. Дзіця будзе мець хлеб, вопратку і калі вырасце, то на свой розум хай робіць, як хоча. Можа, ён захоча кінуцьу нас камень… I тады хай яго судзіць бог і добрыя людзі (Э. Самуйлёнак. Будучыня). Узнікненне фразеалагізма звязана са звычаем караць смерцю, «забіваючы камянямі», які быў у старажытнай Іудзеі. Выраз непасрэдна паходзіць з евангельскай прытчы (Іаан, 8, 77). Аднойчы кніжнікі і фарысеі прывялі Ісусу Хрысту на расправу жанчыну, якую абвінавачвалі ў распусце, але «ён нават галавы не падняў на іх… Толькі сказаў: „Каго вы, людзі, судзіце?! Ану, кіньце ў яе камень той, хто без граху!" I ніхто… не кінуў» (А. Карпюк). У помніках старажытнай беларускай пісьменнасці яшчэ адчуваецца жывая сувязь фразеалагізма з крыніцай яго ўзнікнення; напрыклад, у «Гістарычна-палемічным даследаванні пра пачатак і распаўсюджанне Уніі ў Літве і Заходняй Русі…» (1600–1605): «А тамъ же отъ местъ разные на нихъ скарги чинено до митрополита
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

jеtеr, оmbrе
40 👁
 ◀  / 440  ▶