Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
тут каменя на камені („не имать остати здесь камень на камени"); усё будзе разбурана». Фразеалагізм выкарыстоўваўся ў тэкстах старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад у «Аповесці аб Трыстане» (каля 1580 г.): «…иже там камень на камени не зостал». Камяні кідаюцца ў каго. Уласна бел. Хто-н. асуджаецца, абвінавачваецца, ганьбіцца. I зноў непрыемна чытаць некаторыя ўспаміны, дзе кідаюцца камяні ў яе [жонку М. Стральцова] (Р. Барадулін. Конь гуляў па волі…). Выраз, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага кідаць камень (у каго), які абазначае 'асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго-н.' (гл.). Кануць у Лету. Запазыч. з руск. м. Быць забытым, назаўсёды знікнуць. Мае дарагія сябры, сёстры і брацця, — мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні… (А. Карпюк. Вершалінскі рай). Выраз узнік, паводле М. М. Шанскага, у пачатку XIX ст. у паэтычных творах на аснове гутарковага канул в воду; апошні кампанент быў заменены іншым словам — вобразам з грэчаскай міфалогіі. Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй. Канцы з канцамі не зводзяцца (не сыходзяцца) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'не хапае чагон. для задавальнення жыццёвых патрэб на ўвесь вызначаны перыяд' і 'няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі бакамі чаго-н. (у разважаннях, доказах і пад.)'. Зажынкі заўсёды ўрачыстая падзея, свята. Павялося гэта здавён-даўна, з тых часоў, калі ў многіх хатах канцы не зводзіліся з канцамі. Не хапала хлеба, каб дацягнуць да новага ўраджаю (І. Дуброўскі. Буйным крокам). Не, хлопча, канцы з канцамі ў цябе пакуль што не сыходзяцца. Відаць, ты яшчэ не разабраўся толкам у гэтых абозах і авангардах… (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў). Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага зводзіць канцы з канцамі (гл.). Канцы ў ваду. Гл. і канцы ў ваду. Капанне на мазгі. Агульны для ўсходнесл. м. Пастаяннае ўздзеянне на каго-н., бесперапыннае настаўленне, павучанне кагон. У такіх выпадках — Ліза ведала з шматгадовага вопыту — лабавая атака не падыходзіць. Трэба іншы манеўр — спакой, ласка, зацяжная аблога і паступовае «капанне на мазгі» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
49 👁
 ◀  / 440  ▶