Камар носа не падточыць (не падсуне). Агульны для ўсходнесл. м. Нельга прыдрацца да чаго-н. А хіба крытыкаваць цябе няма за што? Усё ў цябе так спраўненька, так добранька, што і камар носа не падточыць? (М. Лобан. Гарадок Устронь). Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, відаць, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа. Камень за пазухай. Агульны для ўсходнесл. м. Скрытая, затоеная злосць, нядобры намер. Без каменя за пазухай я падаю, равеснік, табе руку на дружбу — не адхіляй яе! (Н. Гілевіч. Равесніку за акіянам). Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма насіць (трымаць, хаваць) камень за пазухай 'затойваць злосць на каго-н., быць гатовым зрабіць што-н. дрэннае каму-н.'. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, яго фрагмент атрымаў прадметнае значэнне. Камень спатыкнення. Паўкалька з царк. — слав. м. (камень преткновения). Значная перашкода, цяжкасць. А. Бачыла, скажам, піша, што цяпер «сваім багаццем хваліцца ўсё тая ж зямля, якой цураліся тады». Пакуль што для многіх «каменем спатыкнення» з'яўляецца менавіта гэтае невырашальнае: тады і цяпер… (М. Арочка. Зямля, асвечаная любоўю). Выток фразеалагізма — Біблія (Ісаія, 8, 14), дзе першапачаткова спалучэнне мела канкрэтны сэнс, бо гаворка ішла пра пакладзены богам у Сіёне камень, аб які спатыкаліся нявернікі ці тыя, хто не скараўся перад строгімі законамі. Каменьчык (-і) у агарод чый. Агульны для ўсходнесл. м. Іранічны, крыўдны намёк на што-н. Роза зразумела, што крытыка яе работы з'яўляецца адначасна каменьчыкам у Юркаў агарод (У. Калеснік. Пасланёц Праметэя). Склаўся на аснове фразеалагізма кідаць каменьчыку агарод чый, каго (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Будучы «абломкам» дзеяслоўнага выразу, захаваў «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці. Каменя на камені не пакінуць. Паўкалька з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі: 1) знішчыць ушчэнт, разбурыць да канца, 2) ад каго, ад чаго; бязлітасна раскрытыкаваць каго-, што-н. Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў, не пакідалі на камені камень (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). У слоўных баталіях з хлопцамі Марыя любіла не пакінуць ад апанента каменя на камені (У. Караткевіч. Нельга забыць). Выраз шмат разоў сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, у прыватнасці (Марк, 23, 2) там, дзе расказваецца, як Хрыстос прарочыць пагібель Іерусаліма: «Дакладна кажу вам; не пакінецца
Дадатковыя словы
зяўляецца
56 👁