разбурыцца. Ніхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на гліняных нагах, які вось-вось зваліцца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.
Калоць вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае 'быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць' і 'моцна папікаць, сароміць каго-н.'. Зразумей, Мікола, што наш дастатак коле людзям вочы, усе зайздросцяць, таму і плятуць на мяне розную недарэчнасць (М. Машара. I прыйдзе час…). Ніхто яму, Вадзіму, не будзе калоць вочы былымі памылкамі (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Выраз паходзіць з прыказкі Праўда вочы коле, у складзе якой абазначае 'вельмі непрыемная, выклікае злосць, раздражняе'. Другое значэнне фразеалагізма таксама мае семантычную сувязь з прыказкай, толькі ўскосную.
Калумбава яйка. Паўкалька з франц. (l'оеuf dе Соlоmb) ці ням. (dаs Еі dеs Kоlumbus) м. Удалае рашэнне чаго-н., знойдзены выхад з цяжкага становішча. — Па неправераных даных сёння ноччу забіта Настасся Вашчыла [супрацоўніца нямецкай разведкі]. —Гэта праўда? — Калумбава яйка… Нечаканы ўчынак шпега, якога ўчора Настасся Вашчыла на вуліцы стэкам спаласавала, выручыў нас, — тлумачыў Краеўскі. — Не трэба рук пэцкаць... (І. Гурскі. Вецер веку).
Склаўся на аснове хадзячага аповеду пра Хрыстафора Калумба. Калі адзін з суразмоўнікаў іранічна заўважыў, што адкрыццё Амерыкі было няцяжкай справай, Калумб прапанаваў яму паставіць яйка на стале. Ніхто не мог гэтага зрабіць. Тады Калумб, разбіўшы яйка з тупога канца, паставіў яго старчма. Пры гэтым нібыта дадаў: «Так, гэта справа няцяжкая».
Камандаваць парадам. Агульны для ўсходнесл. м. Распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н. Рабушка і Навучэнка пачалі пярэчыць, тады Саша растлумачыў: — Паколькі парадам камандую я, то слухайце мае загады! Пайшлі! (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных.
168 👁