пракінулася па радах. Задраліся галовы. «У хлябу і то каланіца яго носіць», — прабурчаў нехта (М. Гарэцкі. Ціхая плынь).
Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор выразаў ліха носіць, чорт носіць, хвароба носіць і пад. — з захаваннем структуры фразеалагізмаў-папярэднікаў і з заменай назоўнікавага кампанента іншым. Каланіца — калёсная мазь.
Калі ласка. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. як зварот для выражэння ветлівай просьбы, пабуджэння са значэннем 'прашу вас'. Можа, пяройдзем у той пакой, калі ласка, я вам яго анкету пакажу? (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).
Утварыўся, відаць, у выніку скарачэння больш поўнай формы калі твая (ваша) ласка будзе. Параўн. у ананімнай паэме «Энеіда навыварат»: «Калі ўжо ласка твая будзе, вялі нам лазню пратапіць». У форме калі ласка выраз выкарыстоўваўся ў творах XIX ст. («Гутарка Данілы са Сцяпанам», п'еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»).
Каліф на час. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які займеў уладу на кароткі тэрмін. На славу працуюць любімыя браты нашы — партызаны. Звярыны жах пасялілі яны ў тупыя чарапы нямецкіх каліфаў на час (М. Лынькоў. Блізка вясна Беларусі).
Склаўся на аснове арабскай казкі «Сон наяву, ці Каліф на час». У ёй гаворыцца, як малады багдадзец Абу-Гасан паклікаў да сябе ў госці незнаёмца і расказаў яму пра сваю запаветную мару — стаць хоць на адзін дзень каліфам. Незнаёмец якраз і быў пераапрануты каліф — вярхоўны правіцель Багдада. Абу-Гасану далі снатворнага парашку, перанеслі ў палац і, калі прачнуўся, цэлы дзень ушаноўвалі як каліфа. А вечарам, зноў усыпіўшы, вярнулі дамоў.
Калі (як) рак (на гары) свісне. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі ці невядома калі (будзе, павінна адбыцца што-н.). — Я магу кінуць піць. — Калі? Як рак на гары свісне. — Як ты загадаеш (Л. Калодзежны. Аўсяны звон).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз як плён народнага гумару.
Каломенская вярста. Запазыч. з руск. м. Чалавек вельмі высокага росту. Зверху раздаўся глухаваты голас: — Гэй, вярста каломенская, прыгніся, калі кацялок табе дарагі! Тут хутка прадзіравяць (І. Новікаў. Ачышчэнне).
Склаўся на аснове параўнання высакарослага чалавека з вельмі высокімі верставымі слупамі, якія былі пастаўлены паміж Масквой і сялом Каломенскім, дзе знаходзілася летняя рэзідэнцыя цара Аляксея Міхайлавіча.
Калос на гліняных нагах. Паўкалька з франц. м. (соlоssе аuх ріеds d'агgіlе). Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае
72 👁