Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Казёл адпушчэння. Запазыч. з царк. — слав. м. Чалавек, на якога звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх. Параіліся разумнікі дый вырашылі: «Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся» (К. Крапіва. Ці была ў яго галава?). У Бібліі (Левіт, 16, 21–22; 16, 9-10) расказваецца пра старажытнаяўрэйскі абрад «казлаадпушчэння»: адзін раз у год, у дзень адпушчэння грахоў, прыводзілі ў пэўнае месца казла, і на яго галаву першасвяшчэннік (вярхоўны жрэц) ускладваў абедзве рукі, што сімвалізавала перакладанне грахоў усяго народа на казла, якога пасля праганялі («адпускалі») у пустыню. Казка пра белага бычка. Запазыч. з руск. м. Бясконцае паўтарэнне аднаго і таго з самага пачатку. — А можа б, ты ўсё-ткі засталася? Небяспечна ж там дужа, чуеш?.. — Я ўжо казала, цётачка… Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?.. (І. Мележ. Мінскі напрамак). Значэнне выразу склалася на аснове кароткай, але дакучлівай народнай казкі для дзяцей, калі тыя зноў і зноў прасілі расказаць яшчэ адну казку: «— Расказаць табе казку пра белага бычка? — Раскажы! — Ты раскажы, ды я раскажы, да чаго ў нас будзе і дакуль гэта будзе! Расказаць табе казку пра белага бычка?» і г. д. Каінава пячаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (рiętnо kаіnоwе) м. Абазначае 'след злачыннасці'. Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? (К. Крапіва. З народам). Склаўся на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 4) пра першае забойства на зямлі і кару за яго. Калі Каін, сын Адама і Евы, прызнаўся, што ў час ахвяравання забіў свайго брата Авеля, Бог пакараў забойцу: зрабіў на яго твары спецыяльны знак і загадаў быць вечным вандроўнікам. Каламуціць (муціць) ваду. Агульны для ўсходнесл. (руск. мутить воду, укр. каламутити воду) іпольск. (mącіć wоdę) м. Ужыв. са значэннямі 'свядома заблытваць якую-н. справу' і 'уносіць разлад, беспарадак у адносіны паміж кім-н.'. — Усё на тое хіліцца, што немцы не аддадуць Саветам Бярэсця. — Як гэта не аддадуць?… Берасць савецкі! Разумееш ты ці не? Савецкі! I ты тут вады не муці! (К. Каліна. Світанак). Бабка твая ваду каламуціць!.. Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць! (В. Іпатава. Зачараваная півоня). Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове фразеалагізма лавіць рыбу (рыбку) у каламутнай вадзе (гл.). Каланіца носіць каго, дзе, калі. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару аказваецца, з'яўляецца дзе-н. «Аэраплан! Аэраплан!» —
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
106 👁
 ◀  / 440  ▶