Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
К Каб і духу не было чыйго дзе. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. чтоб и духу не было, укр. щоб і духу не було). Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. — Парабчука гэтага, тата, каб і духу не было, — закамандаваў Казік (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Тут духу першапачаткова значыла 'паху, які выдзяляецца ў чалавека з паверхні скуры'. Гэты кампанент нярэдка замяняецца ў маўленні іншымі — паху, смуроду або выступае ў спалучэнні з паху: «Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!» (М. Лынькоў); «Забудзе пра гэтага галадранца. Заўтра ж турну, каб і смуроду не было» (С. Грахоўскі); «Веры трэба канечна выгнаць яе, гэтую кулацкую гідру, сказаць, каб яе духу-паху тут не было» (М. Зарэцкі). Параўн. ва ўкр. м.: щоб і дух не пах (не смердів) (чий де). Каб пуста было каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чтоб пусто было, укр. щоб пусто було). Выказванне злосці, нядобразычлівасці. Бадай ты спух! Ото распуста! А каб табе было, гад, пуста! Няма ні сораму, нічога… (Я. Колас. Новая зямля). Мяркуюць, што напачатку гэта было пажаданне неўраджаю ці няўдалага палявання. Прыкідвацца, глядзець казанскай сіратой. Запазыч. з руск. м. Пакрыўджаным, няшчасным (прыкідвацца). — Не чуў я, каб хто мяне гукаў, дапытваўся — не патрэбен я нікому… — Во-ёй, не прыкідвайся казанскай сіратою... (П. Місько. Мора Герадота). Утварыўся на аснове фразеалагізма казанская сірата (гл.), замацаваўшыся ў сваіх семантычных сувязях са строга акрэсленымі дзеясловамі прыкідвацца, глядзець. Казанская сірата. Запазыч. з руск. м. Той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным (з мэтай разжаліць каго-н.). І ўспомніў Васька, як хадзіў ён учора з камандзірам роты і Насцяй па свой заробак да гаспадара. Зніціўся той, збедніўся, ну проста сірата казанская, якія ў яго грошы, калі вайна і разруха… (М. Лынькоў. Маладосць). Першапачаткова выкарыстоўваўся ў дачыненні да татарскіх князёў, якія пасля ўзяцця войскамі Івана Грознага ў 1552 г. сталіцы Казанскага царства стараліся прыстасавацца да новай улады, часам пераходзілі ў хрысціянства, слалі рускаму цару чалабітныя, скардзячыся на сваю долю і спадзеючыся на розныя ўступкі, патуранні
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
56 👁
 ◀  / 440  ▶