уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам і ўпартасць і страх. — Нам зубы на паліцу?!! (І. Мележ. Подых навальніцы).
У аснове фразеалагізма трапны гіпербалічны вобраз, матываваны практычнай, гумарыстычна афарбаванай развагай: калі няма чаго есці, дык і няма занятку зубам, а таму хоць кладзі іх на паліцу. Хоць зубы на паліцу кладзі (гл.), відаць, і была першапачатковая форма выразу, у якой ён выкарыстоўваецца і ў наш час: «а ты хоць зубы на паліцу кладзі» (Ядвігін Ш.), «мужыку ж хоць зубы злажы на паліцу» (Я. Купала). У далейшым фразеалагізм стаў ужывацца без хоць, набыў большую катэгарычнасць, а таксама асабовыя і трывальныя формы дзеяслоўнага кампанента.
З усіх ног. Калька з франц. м. (à toutеs jаmbеs). Вельмі хутка, імкліва (бегчы, кідацца, пускацца і пад.). Чубар з усіх ног кінуўся бегчы на вяршыню валатоўкі, каб паглядзець адтуль на дарогу (І. Чыгрынаў. Плач перапёлкі).
Першапачаткова ўжываўся ў дачыненні да коней.
З царом у галаве. Запазыч. з руск. м. Вельмі разумны, кемлівы. Старшыня чалавек бывалы, з царом, як кажуць, у галаве. З ім гаварыць цікава пра ўсё (В. Карамазаў. Я любіў яго).
Узнік на аснове прыказкі Свой ум — царь в голове; параўн. яшчэ: У каждого свой царь в голове; У всякого свой ум и разум, свой царь в голове.
Зялёнае святло. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. зеленый свет, укр. зелено світло). Свабодны шлях, без перашкод і затрымак. Каб даць ідэям зялёнае святло, неабходна было распачынаць рэканструкцыю вытворчасці (Звязда. 18.01.1986).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са святлафорнай сігналізацыяй, пры якой зялёнае святло з'яўляецца знакам свабоднага праезду, праходу.
Зялёная вуліца. Агульны для ўсходнесл. м., стаў гістарызмам і ўжываецца са значэннем 'строй салдат са шпіцрутэнамі' толькі ў тэкстах і вуснай мове, калі гаворка ідзе пра з'явы мінулага. Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю — дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар 'еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
У царскай Расіі было і такое пакаранне: абвінавачанага праводзілі праз строй салдат, кожны з якіх павінен быў выцяць асуджанага па голай спіне шпіцрутэнам — двухметровай гнуткай палкай. Праход паміж дзвюма шарэнгамі ўяўляўся як «вуліца», а «зялёнай» яна называлася таму, што ў руках салдат былі звычайна зялёныя, з лазняку, пруты.
151 👁