Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
салдацкую кішэню (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). За апошнія чатыры гады ён [Выбарг] трэці раз пераходзіць з рук у рукі (І. Навуменка. Смутак белых начэй). Выраз успрымаецца як разгорнутая сінекдаха (назва часткі чалавечага цела ўжыта ў значэнні цэлага). Зрушыць горы з кім, з чым. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы з кім, з чым. З сэрцам. Агульны для ўсходнесл. м. Сярдзіта, раззлавана (сказаць, крыкнуць і пад.). — Які ты мурзаты, Паўлік, — з сэрцам сказала Даруя Антонаўна (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі). Першапачатковае значэнне слова сэрца тут — 'цэнтр злосці, гневу' (параўн.: сердаваць, сярдзіты). З сямі печаў хлеб есці. Агульны для ўсходнесл. м. Быць у розных пераплётах і многае зведаць у жыцці. Многа я бадзяўся па свеце. З сямі печаў хлеб еў…А лепшай ракі, чым наш Дняпро, не бачыў (Л. Левановіч. Зямля і людзі). Фразеалагізм усведамляецца як матываваны. Кампанент сямі, нярэдкі ў фразеалагізмах і прыказках, тут генетычна не абазначае строга акрэсленую колькасць, а перадае паняцце мноства. Выраз фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча і працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай». З трэціх вуснаў. Гл. з другіх (трэціх) вуснаў. З трэціх рук. Гл. з другіх (трэціх) рук. Зуб за зуб. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. [Вера:] Можа, у каго ёсць іншая прапанова? [Люба:] У мяне ёсць! Падняць тарыф на халтурныя работы. [Надзея:] Да тысячы тугрыкау за аб'ект. [Вера:] 3 нас дзяруць, і мы драць будзем… [Надзея:] Зуб за зуб! (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс). Частка біблейскай формулы закону адплаты (Зыход, 12,24): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць». Зуб за зуб зайшоў у каго, з кім. Уласна бел. Склаліся непрыемныя адносіны, пры якіх адзін не ўступае другому. — Кажуць, ты не паладзіў са сваёй?.. — Разводжуся яшчэ… збіраюся разводзіцца. — Зуб за зуб зайшоў? — Ліха яе ведае (Л. Калодзежны. Водар палыну). Утварыўся шляхам пашырэння кампанентнага складу фразеалагізма зуб за зуб (гл.). Набыўшы струюуру двухсастаўнага сказа, фразеалагізм атрымаў і іншае, чым яго папярэднік, значэнне, аднак сэнсавыя сувязі паміж імі захаваліся.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
 ◀  / 440  ▶