З лёгкай рукі каго, чыёй. Агульны для ўсходнесл. м. Пасля чыйго-н. пачынання, прыкладу. Мае землякі — цесляры, кавалі, адважныя партызаны. Дык гэта ж з іхняй лёгкай рукі гамоняць бары і звіняць крыніцы (Р. Барадулін. Трыпціх). Выток фразеалагізма — былое павер'е, што ў некаторых людзей «лёгкая» рука, шчаслівая, прыносіць удачу, поспех. Такіх людзей запрашалі, напрыклад, увесці ў хлеў толькі што купленага каня, зрабіць яшчэ сякую-такую дробязь, якая, аднак, многае значыць. З лёгкім сэрцам. Калька з франц. м. (d'un соеur lедег). Без трывог і апаскі, без роздуму. Як відаць, яе [Ядвісю] нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца (Я. Колас. На ростанях). Прыметнікавы кампанент у выразе выступае як сэнсаўтваральны, суадносны з перыферыйным значэннем слова лёгкі. З ліхвой. Запазыч. з руск. м. (ёсць і ва ўкр. м.: з лихвою). Больш, чым трэба (вярнуць, акупіцца і пад.). Жыццё пылінку вечнасці сваёй пазычыць пад настрой, але адразу цярпець прымусіць крыўду і абразу, вярнуць пазыку хочучы з ліхвой (Р. Барадулін. Жыццё пылінку вечнасці сваёй…). Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове старажытнага назоўніка лихва (ад прыметніка лихь 'лішні, астатні'), які абазначаў працэнты, лішкі пры грашовых аперацыях. Злоба дня. Запазыч. з царк. — слав. м. Тое, што прыцягвае ўвагу, займае, цікавіць усіх у дадзены момант. Паўлюк Трус працаваў у штодзённай ггрэсе, актыўна жыў «злобай дня» (К. Чорны. Думкі пра Паўлюка Труса). Выток фразеалагізма — Біблія, дзе (Матфей, 6, 34) ёсць радок: «Довлеет дневи злоба его», г. зн. 'хапае для кожнага дня сваёй турботы'; злоба — 'турботы, клопат'. Злы геній чый. Паўкалька з франц. м. (mаuvаіs gènіе). Чалавек, які аказвае на каго-н. дрэнны ўплыў, прыносіць каму-н. шкоду, зло. [Сухадольскі:] Можа, і я часамі глядзеў на рэчы тваімі вачамі. [Антаніна Пятроўна:] Злы геній твой (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба). Выток фразеалагізма — старажытнарымская міфалогія. У ёй геніем называлі духа, які кіруе чалавекам, яго думкамі і дзеяннямі. Лічылася, што ёсць два геніі: добры і злы. Апошні штурхае чалавека на дрэннае. Змаганне з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі. Змагацца з ветракамі. Гл. ваяваць (змагацца) з ветракамі
Дадатковыя словы
dun, павере
56 👁