З каломенскую вярсту. Запазыч. з руск. м. Вельмі высокі (пра чалавека). Адзін, як за Крычавам кажуць, з каломенскую вярсту, другі — каратыш (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы). Узнік на базе той жа крыніцы, што і фразеалагізм каломенская вярста (гл.). З капейкамі. Уласна бел. З невялікім перавышэннем. Нам трэба паспець у эвакапункт, а праз нейкі час зноў на платформу — састаў, што на Славянск праследуе, прыбывае праз нейкую гадзіну з капейкамі (І. Капыловіч. Калі трэба жыць). Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор сінанімічных выразаў з гакам, з хвосцікам і інш., якія ўжываюцца пасля лічэбнікавага спалучэння пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-небудзь. З карабля на баль. Запазыч. з руск. м. Спалучаецца з дзеясловамі пападаць, прыязджаць, трапіць і ўжываецца, калі кажуць пра неспадзяваную змену абставін, са значэннем 'з дарогі на нечаканы занятак': Вярнуўшыся ў Мінск, артысты трапілі, што называецца, з карабля на баль: трактаразаводцы папрасілі іх выступіць у святочным канцэрце, прысвечаным 30-годдзю завода (ЛіМ. 18.06.1976). Крылаты выраз з рамана А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін». Герой рамана пасля падарожжа прыехаў у сталіцу і трапіў, «як Чацкі, з карабля на баль». Слова баль у пушкінскім ужыванні выкарыстана з прамым значэннем: і Чацкі, герой камедыі А. С. Грыбаедава «Гора ад розуму», і Анегін сапраўды трапілі на баль. Штуршком да далейшай метафарызацыі выразу было тое, што ўжо ў Пушкіна кампаненты з карабля рэалізаваліся ў дачыненні да Анегіна пераносна (ён вярнуўся з падарожжа па Расіі, зразумела, не на караблі). Усе грошы з кашальком. Уласна бел. Абсалютна (усе грошы, якія былі ў наяўнасці). — Заплаціў усе грошы з кашальком, — горка апавядаў ён, — прыгналі мне за вароты трактар на стаянку... (В. Дубінка. У банкетнай зале…). Узнік у прастамоўі як жартоўны дадатак да спалучэння ўсе грошы для паўнаты і пераканальнасці якога-небудзь сцвярджэння. Злавіць двух зайцаў (зайцоў). Уласна бел. Адначасова дасягнуць дзвюх мэт. Зрабіце заключны допыт. Калі ён не адкрыецца, адпусціце яго пад спецыяльны нагляд. Яму скажыце, хай дзякуе Аксане. Такім чынам, мы зловім, як кажуць, двух зайцоў (М. Гамолка. Лясная крэпасць). Утвораны на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана
56 👁