Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі пераноснага і прамога значэнняў дзеяслова з'есці ('замучыць нападкамі, ганеннем' і 'скарыстаць на яду') з далейшым дапаўненнем дзеяслова экспрэсіўным дадаткам з трыбухамі. З'есці пуд солі з кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. съесть пуд соли, укр. з'істи пуд солі) і польск. (bесzkę sоlі sjеść — бочку солі з'есці) м. Доўга пражыць разам. Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з'еў не адзін пуд солі (І. Шамякін. Сэрца на далоні). Фрагмент прыказкі Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з'есці. Літаральны сэнс другой часткі — 'патрэбны працяглы час, за які можна разам з'есці пуд солі'. Прыказка склалася, калі на соль была вельмі высокая цана. З жабіны прыгаршчы чаго. Уласна бел. Вельмі мала (шчасця, радасці, здароўя і пад.). — Хіба маладым не быў? Хіба радасці… шчасця не бачыў? — Было шчасце. З жабіны прыгаршчы (А. Кажадуб. Ваўкалакі). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. З заміраннем сэрца. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваючы моцнае хваляванне, трывогу (чакаць, сачыць, глядзець і пад.). З заміраннем сэрца ўзяў я ў рукі знойдзены блакнот (К. Кірэенка. З аповесці вайны). Вытворны ад іменна-дзеяслоўнага прэдыкатыўнага фразеалагізма сэрца замірае ў каго, чыё 'каго-н. нечакана ахоплівае хваляванне ці трывога, неспакой і пад.'. З затоеным дыханнем слухаць, глядзець. Уласна бел. Вельмі ўважліва, зацікаўлена. З затоеным дыханнем слухалі разаноўцы паведамленні з фронту (А. Жураўскі. За родныя хаты). Прыслоўны фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага затаіць дыханне 'прыціхнуць у вялікім напружанні, здзіўленні і пад.'. Зімой і летам адным цветам. Уласна бел. Ужыв. пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс 'заўсёды ў адным і тым жа адзенні'. Адзець на змену не было чаго… I яна [маці], і дзеці зімой і летам адным цветам, — адно насілі, латанае-пералатанае (М. Гіль. Прагал). Склаўся на аснове аналагічнай загадкі пра елку, хвою. Параўн. тэкст, дзе гэта сувязь выразна адчуваецца: «Зойка амаль па году не здымала з сябе сіняй пацёртай спадніцы і цёмна-шэрай шарсцяной жакеткі. А як жыла тая ж Зойка, чым жыла — ніхто і не думаў цікавіцца! Чулася пра яе толькі адно: „Зімой і летам адным цветам". З таго і празвалі Зойку „елкай"» (Я. Янішчыц. Трое сутак надзеі).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁
 ◀  / 440  ▶