Узнік на аснове старажытных уяўленняў пра Бога як вярхоўную істоту, што кіруе светам. 3 божай ласкі. Уласна бел. Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі. — Янка Купала — гэта беларускі паэт, — тлумачыў Кастусь. — Паэт э божай ласкі, талент незвычайны (С. Александровіч. На шырокі прастор). Склаўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма божай міласцю (гл.) па мадэлі выразу з ласкі (каго, чыёй), адно са значэнняў якога — 'дзякуючы каму-, чаму-н.'. Збоку прыпёку. Агульны для бел. і руск. м. Абазначае 'зусім непатрэбны, лішні, чужы' і 'зусім недарэчы, недарэчна (быць, аказацца, знаходзіцца дзе-н. і інш.)'. Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называюць вуліцы старымі назвамі, каб дазнацца, карэнны ты або так, збоку прыпёку (У. Караткевіч. Лісце каштанаў). У Ульяны хоць прычына, а што бацьку тут збоку прыпёку бавіцца? (В. Якавенка. Акно на плошчу). Узнік у прафесійнай мове пекараў, дзе прыпёкай называюць тое лішняе, непатрэбнае, што прыліпла збоку да печыва пры выпяканні. Першапачатковая форма фразеалагізма (занатавана ў зборніку Я. А. Ляцкага) — збоку прыпёка, Канчатак — у ў назоўнікавым кампаненце абумоўлены імкненнем да поўнага сугучча. Збор-каляда. Уласна бел. Група людзей ці прадметаў, неаднародных па якіх-н. прыметах, якасцях. Збор-дружына — зборышча людзей, яшчэ дакладней, — збор-каляда… (М. Лужанін. Дванаццаць вячорных вогнішчаў). Першапачаткова — пра розныя падарункі, сабраныя ў выніку калядавання. Фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча. Збыць з галавы што. Уласна бел. Вызваліцца, пазбавіцца ад чаго-н. непрыемнага. Пастар, які збыў з галавы нечаканы клопат з нашымі візамі… змог уздыхнуць з палёгкаю (С. Законнікаў. Вячэра пад райскім дрэвам). Дзеяслоўны кампанент гэтага фразеалагізма — сэнсаўтваральны. Ён суадносіцца з перыферыйным адценнем дзеяслова збыць, якое фіксуецца ў ТСБМ (т. 2, с. 434), хоць, праўда, ілюструецца прыкладам, дзе збыць выступае ў непадзельным комплексе з іншымі кампанентамі фразеалагізма «збыць з галавы што»: Збыць бяду з галавы. Званіць ва ўсе званы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. звонить во все колокола, укр. дзвонити в усі дзвони). Ужыв. са значэннямі: 1) усім і ўсюды голасна расказваць пра штосьці, 2) празмерна хваліцца чым-н. Чаго ж аб іх заслугах званіць ва ўсе званы? (Я. Непачаловіч. Я рад, што змоўклі оды…). Летась
67 👁